Уся драма «Лістападу». Высвятляем, што чакае галоўны кінафорум


Сёлета Міністэрства культуры Беларусі ўзялося за кінафестываль «Лістапад» і абвесціла, што канчатковае рашэнне адносна фільмаў нацыянальнага конкурсу будуць прымаць чыноўнікі. «Belsat.eu» высветліў, якія наступствы будзе мець гэтае рашэнне для беларускага кінапрацэсу.

Кінафестываль праходзіць ужо 25 год запар, і цягам усяго яго існавання Міністэрства культуры фінансава падтрымлівае яго, бо яно, разам з Менгарвыканкамам, заснавальнік «Лістападу».

Нягледзячы на датацыі, у праграмы фестывалю Міністэрства культуры не надта ўмешвалася – ці прынамсі гэта не выносілася напаказ.

Працы для асноўнага конкурсу, конкурсу гульнявога кіно, дакументальнага ды пазаконкурсавай праграмы абіралі арганізатары – дырэкцыя цэнтру «Арт-карпарэйшн». А вось для нацыянальнага конкурсу, то бок таго, дзе за прыз змагаюцца беларускія рэжысёры, стваралася адмысловая камісія. У яе склад уваходзілі сябры дырэкцыі «Арт-карпарэйшн», кінакрытыкі, прадзюсары ды прадстаўнікі Міністэрства культуры. Зараз жа дырэкцыя можа толькі раіць фільмы, але апошняе слова застаецца за чыноўнікамі.

Помста за «Заўтра»

Вынікі зменаў ужо адчулі на сабе тыя беларускія творцы, фільмаў якіх не прапусціла Міністэрства культуры. Паводле фэйсбук-старонкі іншага кінаконкурсу, «Bulbamovie», на «Лістапад» не прайшлі фільмы Андрэя Кудзіненкі, Андрэя Куцілы, Мікіты Лаўрэцкага, Юлі Шатун, Паўла Нядзведзя ды Аляксандра Міхалковіча. Канкрэтных прычынаў творцам не назвалі – бо на кінафестывалях зазвычай паведамляюць толькі бяруць стужку або не бяруць. І ўсё было б зразумела, калі б гэта былі маладыя нязнаныя рэжысёры, але большасць з іх ужо атрымлівала не толькі «Лістападаўскія», але і замежныя ўзнагароды.

«Як можа Андрэй Куціла, адзін з найлепшых нашых дакументалістаў, які запрошаны на IDFA – можна сказаць, гэта Канскі ўзровень сярод дакументальнага кіно, – не прайсці на «Лістапад»? Ну смешна ж. Смешна і сорамна», – каментуе сітуацыю Улада Сянькова, аўтарка фільму «Граф у апельсінах».

«Беларускі псіхапат» Мікіты Лаўрэцкага перамог у нацыянальным конкурсе ў 2015 годзе, а «Заўтра» Юлі Шатун – у міжнароднай праграме «Лістападу» «Маладосць на маршы» ў 2017-ым. Уласна з прычыны апошняга, мяркуюць некаторыя крытыкі, усё і пачалося.

«Ёсць такая версія, што тое, што адбываецца цяпер, – гэта помста за «Заўтра», – мяркуе культуролаг Максім Жбанкоў. – Гэтая стужка зрабіла тое, чаго не магла зрабіць ніводная стужка «Беларусьфільму»: яна прымусіла нас думаць пра сябе, пра свой лёс, хвалявацца, гэта балючая, але вельмі прывабная штука. Гэта нязручнасць была галоўным чыннікам незадаволенасці».

«Чарнуха, знятая за тры капейкі»

Больш за ўсіх перамогаю «Заўтра» абурыўся міністр культуры Юры Бондар – ён назваў фільм Юліі «чарнухай, знятай за тры капейкі». Але ці сапраўды сёлета Мінкульт выйшаў на барацьбу з вядзьмаркамі – невядома. Канкрэтных прычынаў, з якіх не прайшлі названыя вышэй фільмы і рэжысёры, чыноўнікі не называюць, не ведаюць іх і ў «Арт-карпарэйшн». Паводле прэс-сакратаркі «Лістападу» Ірэны Кацяловіч, працавала камісія Мінкульту ў наўпроставым сэнсе за закрытымі дзвярыма.

«Арганізатары «Лістападу» паведамілі на прэс-канферэнцыі пра змены, каб усе ведалі, што з гэтага года нацыянальным конкурсам кіруе выключна Мінкульт, і яны [арганізатары «Лістападу» – belsat.eu] здымаюць з сябе адказнасць за выбар праграмы», – мяркуе рэжысёр Андрэй Куціла.

Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева на «Лістападзе-2016». Фота – Віялета Саўчыц

У супрацьвагу чыноўнікам рэжысёрка Ева-Кацярына Махава, фільм якой прайшоў адбор, зняла сваю стужку з конкурсу «Лістападу». На сваёй старонцы ў фэйсбуку аўтарка патлумачыла: «Я за свабоду ад цэнзуры і не хачу ўдзельнічаць у конкурсе, дзе грэбуюць свабодай слова і творчасці».

«Гэта выбар кожнага – пакінуць сваю стужку ці зняць яе, але ўсё ж я думаю што байкот не вырашыць зараз гэтую сітуацыю, – тлумачыць свой пункт гледжання Мікалай Лаўрэнюк, каардынатар нацыянальнага конкурсу «Лістападу». – Нам важна паказаць фільмы, якія ёсць у праграме, гэта якасныя працы. Але застаецца пытанне наконт будучынi конкурсу».

Прычым тут Ірына Дрыга?

Але скандал з нацыянальным конкурсам паказаў больш глыбокія сістэмныя праблемы. Ева-Кацярына Махава напісала пра канфлікт з дзяржаўнаю кінастудыяй «Летапіс», дзе яна працавала, ды, сярод іншага, – з намесніцаю міністра культуры Ірынаю Дрыгай.

https://www.facebook.com/katerina.makhova

На пасаду намесніцы міністра культуры Ірына Дрыга, былы ідэолаг пры Адміністрацыі прэзідэнта, трапіла ў 2014-ым. Музыка Зміцер Вайцюшкевіч яшчэ перад прызначэннем жартаваў у сваім інтэрв’ю парталу «Тузін гітоў»: «Сумна, так хацелася спадзявацца, што наступіць адліга, а тут перашкаджае нейкая Ірына Дрыга… Давядзецца прыняць за дадзенасць і далей сядзець у падполлі ды паволі весці падкоп знізу».

Ірына Дрыга, намесніца міністра культуры. Фота – Ірына Арахоўская

Ірына Дрыга тады не ўзгадніла канцэрт Вайцюшкевіча, які перабываў у чорным спісе беларускіх дзеячаў культуры. Вядомая чыноўніца яшчэ і тым, што падпісала пастанову аб змене ахоўных межаў урочышча «Курапаты», якая фактычна дазволіла будаваць побач з месцам расстрэлаў рэстаран. А цяпер яна мае адзін з вырашальных галасоў камісіі, адказная за тое, што паказваць, а што не паказваць на нацыянальным конкурсе «Лістападу».

Крытэрыі адбору яна патлумачыла журналістам радыё «Свабода» наступным чынам: «Тут галоўнае: а) майстэрства; б) здольнасць глыбока зазірнуць у праблему, закласці пасланне да гледача. Нацыянальны конкурс – як латарэя, як пранікненне ў куфар са скарбам. Адкрываеш і не ведаеш, што дастанеш. 87 фільмаў, я пастаралася паглядзець усе. З аднаго боку, радасна, што столькі людзей, якія лічаць сябе рэжысёрамі, а з іншага, вельмі розны ўзровень».

«Хочуць свята, а атрымліваюцца «Дажынкі»

«Лістапад» – гэта цікавы прыклад памежнай з’явы, якая, з аднаго боку, стараецца быць еўрапейскай, але ўсё адно з погляду структуры кіравання і прымання рашэнняў застаецца савецкай, – разважае культуролаг Максім Жбанкоў. – І ў гэтым канфлікце ўся драма «Лістападу» – бо дырэкцыя шчыра хоча свята, але атрымліваюцца нейкія «Дажынкі». У гэтым выпадку кіроўнае чынавенства разважае па-калгаснаму, па-савецку, хоча, каб усё было прыгожанька, сімпатычна, беспраблемна, каб не было крыўдна за дзяржаву. І вось тут пачынаецца не мастацтва, а ідэалогія, тая самая цэнзура».

Рэжысёр Віктар Красоўскі, лаўрэат прыза «За лепшы мастацкі фільм» «Душы мёртвыя» (Беларусь). Фота – Віялета Саўчыц

Але ці існуе напраўду цэнзура ў свеце, дзе ёсць інтэрнэт? Вядома, фестываль можа выгнаць умоўнага фон Трыра за фразу пра Гітлера і зрабіць скандальнага рэжысёра персонаю нон-грату на некалькі гадоў. А Мінкульт можа прыбраць стужкі, якія не падабаюцца чыноўнікам, з нацыянальнага конкурсу «Лістападу».

«Але незалежныя рэжысёры – гэта сіла, якую немагчыма спыніць, – кажа рэжысёрка Улада Сянькова. – Мы не праходзім праз нейкія камітэты, якія вырашаюць, якія будуць нашыя фільмы. Мы робім фільмы самі, проста без грошай. З’явіліся фільммэйкеры, якія робяць тое, што хочуць, і не баяцца выказвацца, а паўплываць на іх немагчыма. Таму не дапусціць іхнай працы да паказу – гэта ўсё, што чыноўнікі могуць зрабіць».

Наста Храловіч, belsat.eu

Рэдакцыя belsat.eu прыносіць прабачэнні кіраўніцы прэс-службы «Лістападу» Ірэне Кацяловіч за недакладнасці ў папярэдніх матэрыялах, прысвечаных сёлетняму кінафестывалю

Стужка навінаў