Полька зняла больш за 100 фільмаў пра Расею. Што яна думае пра Пуціна?


Барбара Владарчык – журналістка Польскага тэлебачання (TVP), якая дзясяткі гадоў здымае фільмы і рэпартажы пра Расею. У размове з Сяргеем Пелясою ў «Прасвеце» сцэнарыстка раскрыла свой погляд на нашую ўсходнюю суседку.

«Белсат» паказвае чатыры тваіх фільмы. Усе яны новыя, 2017–2018 гады. Гэта далёка не ўсе твае працы. Колькі ўсяго ты зняла фільмаў пра Расею ці пра былы Савецкі Саюз?

Шчыра кажучы, ужо і не памятаю. Каля ста, мо больш… Але спачатку гэта былі зусім іншыя сюжэты – пра лёс звычайных людзей: далакопа, камінара…

…Мільянера, які жыве ў лесе.

Так, але гэта вельмі каларытны герой. Акрамя звычайных людзей трапляюцца і такія, як, напрыклад, матушка секты, якая лічыць, што Пуцін – гэта новае ўвасабленне апостала Паўла або, напрыклад, былы мільянер Герман Сцерлігаў, у якога раней было ўсё. Здаецца, ён стварыў першую маскоўскую біржу, і ў 1990-х быў вельмі заможны. У яго была самая крутая рэзідэнцыя на багатай Рублёўцы, палац у Францыі, апартаменты ў Нью-Ёрку. Ён усё кінуў, пераехаў жыць у вёску ў драўлянай хаце. Натуральна, гэта вельмі цікавыя сюжэты, але яны скончыліся. Тое, што здарылася пасля 2014-га, шмат што змяніла. З’явіліся сурʼёзныя праблемы.

Крым, Данбас…

Цяпер не час займацца толькі лёсам звычайных людзей. Трэба казаць пра больш сур’ёзныя праблемы. Напрыклад, пра тое, чаму большасць расейцаў падтрымала анексію Крыму, хаця ўвесь свет гэта асуджае, і ў чым феномен Пуціна. Падазраю, ты хочаш сказаць, што апошнім часам рэйтынгі Пуціна крыху ўпалі.

Так, пішуць, да 45–50 %.

Так кажа незалежны ад уладаў Левада-Цэнтр. Гэта звязана з пенсійнаю рэформай. Але прыгадай, што ўжо некалькі разоў Пуціну прадказвалі канец, а акзалася, што ён дагэтуль, нягледзячы ні на што, самы папулярны палітык.

Мы прыйшлі да Пуціна. Кожная размова пра Расею прыводзіць да Пуціна. У чым сакрэт ягонай жывучасці? Лукашэнка даўжэй, Назарбаеў – яшчэ даўжэй застаецца ва ўладзе. Але Пуцін у Расеі таксама трымаецца вельмі доўга.

Гэта брэнд Расеі, як кажуць.

У чым ягоны сакрэт? Ты аб’ехала ўсё – ад Салаўкоў да Чачэніі, ад Сібіры да Масквы.

Нягледзячы на тое, што ёсць праблемы, і шмат расейцаў іх заўважаюць, яны кажуць так: гэта не Пуцін, гэта ягонае асяроддзе.

Цар – добры, баяры – дрэнныя.

Менавіта. Але каб зразумець феномен Пуціна, па-першае, трэба прыгадаць, што было ў 1990-ыя гады, калі была велізарная інфляцыя. Але больш за ўсё мяне здзівіла, і я лічу, што на гэтым і палягае феномен Пуціна, – гэта ўсплёск тугі па імперыі.

Настальгіі па імперыі, эмоцыі, звязаныя з гэтым.

Гэта Пуцін кажа: мы вялікія, усе вакол нас сволачы. А кожны любіць, калі яму кажуць: ты добры, усе вакол – ворагі, і яны не могуць змірыцца з тым, што мы вялікія. Пуцін нібыта вяртае Расеі, як шмат хто кажа, статус вялікай дзяржавы. Для мяне гэта дзіўны момант. Я здымаю ў вёсцы жанчыну на фоне тэлевізара, дзе, як ні дзіўна, на экране – Пуцін. І раптам яна ўстае, бяжыць да экрана, цалуе яго і кажа: «Дзякуй, дарагі, што ты ёсць».

Гэта як са Сталіным.

Так! Мы пачынаем смяяцца, а яна здзіўляецца, маўляў, я кажу, як ёсць. Ці яшчэ адна гісторыя: я пытаюся мужчыну: «Пуцін – прыстойны чалавек?» А ён мне адказвае: «Не мне ацэньваць цара». Тое, што здарылася пасля анексіі Крыму, паказала наступныя рэчы: мне раней здавалася, што мы вельмі падобныя менталітэтам, у нас падобнае пачуццё гумару. Мы славяне, у нас рамантычная душа, падобныя мовы. Але ўжо пасля 2014-га я ўжо гэтак не лічу, бо я толькі цяпер заўважыла, што паміж намі прынцыповая розніца, бо ў нас, аказваецца, іншыя каштоўнасці ды розныя ўяўленні пра тое, як мусіць быць уладкаваны свет. Адзін з маіх герояў кажа, што для расейцаў самым важным заўсёды была карысць грамадства, а не карысць асобнага чалавека.

Калектывізм, а не індывідуальнае.

А для еўрапейскай цывілізацыі гэта прынцыпова наадварот.

Мне здаецца, гістарычна і для Польшчы, і для Беларусі як Вялікага Княства Літоўскага індывідуалізм, правы шляхты былі прапісаныя ў Статутах.

Таму я і паказваю ў сваіх фільмах – ты, напэўна, бачыў у «Пуцін 4:0», – што гэта вельмі папулярны персанаж. Шмат хто кажа, што няма альтэрнатывы: калі не Пуцін, то хто?

Тое ж самае кажуць і ў Беларусі, што альтэрнатывы Лукашэнку няма.

Так, і можна сказаць, што ёсць праявы культу асобы – ён ужо на вокладках кніг, нават на велікодных яйках. Я пакажу вельмі для мяне кур’ёзную рэч. Гэта гульня, якую прыдумалі актывісты пракрамлёўскай арганізацыі «Сеть». Картачная гульня, у якой прысутнічаюць два віды герояў : ёсць героі на зялёным фоне – станоўчыя, і на чорным – адмоўныя. Мэта такая, што зялёныя, добрыя, мусяць забіць чорных.

Зялёны персанаж – Лідар, самы ветлівы з людзей, Пуцін. Чорны персанаж – Біг Бос, усё пазнаюць папярэдняга прэзідэнта ЗША Барака Оўбаму. Яшчэ зялёны – прэм’ер, натуральна, Мядзведзеў. Агент Дзярждэпу – Парашэнка – чорная карта, і гэтак далей.

І так гуляюць дзеці, моладзь.

Я заўважыў, што дзеля падтрымання гэтага культу арганізацыя «Сеть» ды іншыя праекты карыстаюцца вельмі блізкімі ды зразумелымі моладзі спосабамі і тэхналогіямі – вялікія графіці, розныя гаджэты. Чаму менавіта на моладзь такі акцэнт? Моладзь больш апазіцыю падтрымлівае або больш крытычная, інтэрнэтам карыстаецца?

Я думаю, акурат там шмат кан’юнктуры. Арганізацыя «Сеть», якая прыдумляе такія гульні, малюе падобныя графіці, атрымлівае грошы на свае праекты. Я думаю, калі заўтра прыйдзе нехта іншы і таксама дасць грошы на праект, яны і яго будуць падтрымліваць. У пакаленні людзей сярэдняга і старэйшага ўзросту, якія памятаюць час, калі Савецкі Саюз лічыўся супердзяржаваю, прысутнічае больш шчырая «любоў» да Пуціна. Наагул, гэта вельмі цікавая рэч – настальгія па Савецкім Саюзе. Цікава, што моладзь лічыць, што ў савецкі час было таксама добра, як цяпер, такое багацце тавараў і харчоў у крамах.

Так, яны пра гэта кажуць. Я памятаю чэргі ў дзяцінстве. Для мяне Савецкі Саюз – гэта чарга па бананы. Да таго я ніколі бананаў не еў, а нам прывезлі бананы, і мы стаялі ў чарзе – 50, а можа нават 100 асобаў.

А што кажа моладзь? Што тады таксама было багацце ў крамах, толькі было танней. Я б хацела звярнуць увагу на тое – і гэта таксама было ў адным з фільмаў, – што Савецкі Саюз памёр, але застаўся савецкі чалавек. Ёсць вельмі добры момант, калі адзін з герояў надзвычай дакладна распавядае, хто такі савецкі чалавек. Гэта асоба, якая вельмі добра ўмее прыстасоўвацца да любых, самых цяжкіх умоваў, нават калі ў яго жыццё – даруйце, лайно. І там ёсць такі анекдот: двое мужчынаў стаяць у яме з лайном па шыю. Адзін стаіць спакойна, а другі ўвесь час лае савецкую ўладу. Той другі кажа: «Ціха, не наганяй хвалю». Гэта значыць, сядзі ціха, пакуль ты ў лайне, бо можа быць яшчэ горш. І гэта прынцып савецкага менталітэту.

Барбара, а ты б хацела зняць фільм пра Беларусь?

Вельмі!

Што цябе ў Беларусі цікавіць больш за ўсё?

Можна сказаць аналагічна: феномен Лукашэнкі. Гэта таксама вельмі цікава. Думаю, там могуць быць розныя адказы, і не такія, як у Расеі. Усё ж такі Расея, культ і феномен Пуціна пабудаваныя на тузе па імперыі. Беларусь – гэта не супердзяржава.

А ў нас – на перамозе ў Другой сусветнай вайне. Дзякую за размову.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Фота: Alexei Druzhinin / Russian Presidential Press and Information Office / TASS / FORUM

Стужка навінаў