Фільм Андрэя Куцілы – гэта гісторыя сяброўства паміж сталым польскім мастаком Анджэем Струмілам і маладой беларускай мастачкай Марыяй. Беларусы любяць узгадваць Вялікае княства Літоўскае як адзін з найлепшых перыядаў сваёй гісторыі. «Наша агульная антычнасць» – так называе эпоху ВКЛ Анджэй Струміла – легендарны чалавек, які жыве ў вёсачцы на паўночным усходзе Польшчы.
Дзялянка, на якой стаіць ягоны дом, нагадвае выспу: з трох бакоў яе атачаюць непраходныя балоты і рэчка Чорная Ганча. Пан Анджэй мае два галоўных захапленні ў жыцці: жывапіс і гадаванне арабскіх коней. Ён мала спіць, бо лічыць, што часу засталося няшмат: яму амаль 90 гадоў. І пасля смерці жонкі яму вельмі самотна.
Нібыта ў паралельным свеце існуе Марыя. Дзяўчына з ранняга дзяцінства жыве на ўскраіне Менску ў спальным мікрараёне. Мужа і ды іншых стандартных складнікаў «жаночага шчасця» ёй не дастаткова. Марыю прыцягваюць дзівосныя таямніцы жыцця, якія хаваюцца ў свеце пана Анджэя з ягонай мастацкай галерэяй, стайнямі, ракою і векавымі дрэвамі. Дзяўчына ўцякае туды без аглядкі, пакідаючы ў Менску мужа, які нават не ведае, калі яна вернецца.
Стужка Алісы Каваленка «Хатнія гульні» – неверагодны сюжэт з жыцця футбалісткі, 20-гадовай Аліны з-пад Кіеву. Змагацца з жахлівымі цяжкасцямі лёсу ёй дапамагае захапленне футболам, дзякуючы якому з падворка ў звычайным мікрараёне яна трапляе ў маладзёвую зборную Украіны.
Калі ёй не споўнілася і 18, Аліна стала адной з найлепшых футбалістак у краіне. Але працягнуць кар’еру не дазваляюць трагічныя падзеі ў сям’і. Маці Аліны, у якой былі праблемы з алкаголем, пасля выйсця з турмы нарадзіла дваіх дзяцей. Пасля яе смерці Аліна разумее, што апрача яе ніхто не зможа выгадаваць дзяцей. Ці павінна яна кінуць кар’еру і стаць мамаю для брата і сястры? Ёй усяго 20!
ІА, belsat.eu