Прадпрымальнікі пратэстуюць: «Дайце нам працу!»


«Дайце нам працу!». Такія заклікі сёння гучалі каля гомельскага аблвыканкаму. Там на стыхійным мітынгу сабраліся каля паўтысячы індывідуальных прадпрымальнікаў, якіх прэзідэнцкі ўказ нумар 222 фактычна змусіў прыпыніць працу з пачатку года. Акцыя салідарнасці з ІП – хоць і з меншым поспехам – адбылася сёння і ў сталіцы.

Стоячы на прыступках будынку мясцовай улады, гомельскія гандляры не хавалі свайго абурэння.

«Я хачу, каб людзі нас пачулі. Якія таксама не разумеюць. Людзі міма ідуць і пытаюць, што тут адбываецца. Людзі не ведаюць, чаму зачыненыя рынкі, што адбылося», распавядае ўдзельніца акцыі.

Сітуацыя, якая паўстала вакол указу нумар 222, акурат абмяркоўвалася за дзвярыма аблвыканкаму з удзелам прадстаўнікоў прадпрымальніцкай супольнасці ды падатковай службы. Запрашэнне да перамоваў атрымалі і ўдзельнікі мітынгу. Асабіста – ад кіраўніцы камітэту эканомікі аблвыканкаму Эльвіры Карніцкай.

Пратэстоўцы, аднак, запрашэнне чыноўніцы адхілілі. Маўляў, 20 гадоў яны стаялі ўзімку на марозе, няхай на мароз цяпер выйдзе і сама Карніцкая.

«Цяпер усе кажуць, што мы на вакацыях, што мы ў хаце, адпачываем. І што мы проста чакаем, пакуль скончыцца мароз. Мы прыйшлі сказаць, што мы мароз перачакаем тут, мы развязваем праблемы. Мы маем праблемы, і мы хочам, каб нам дапамаглі іх развязаць», зазначае іншая ўдзельніца акцыі прадпрымальнікаў.

Каля трохсот прадпрымальнікаў сёння сабраліся і ў Наваполацку. Яны заявілі, што больш не вераць заявам уладаў і будуць дамагацца поўнага скасавання прэзідэнцкага ўказу.

Салідарныя з ІП прыйшлі сёння і да Дому ўраду ў Менску. На запрашэнне старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі на плошчы Незалежнасці сабраліся каля трыццаці асобаў.

«Мы не прызвычаіліся хадзіць на мітынгі. Таму нават тыя, хто прыйшоў сёння, – яны глядзелі з боку. Я ведаю, што тут ёсць Салігорск, Крупкі, Полацк, Наваполацк, Горадня, Віцебск», тлумачыць Ірына Яскевіч, прадпрымальніца з Віцебску.

Пасля кароткага мітынгу ўдзельнікі акцыі накіравалася беспасярэдне ў Дом ураду, каб перадаць уладам свае прапановы. І ўжо неўзабаве Анатоль Лябедзька распавёў пра вынікі размовы з чыноўнікамі.

«Усё было ветліва. Будзем чакаць афіцыйнага адказу 15 ці 30 дзён. Я думаю, калі б тут было яшчэ больш людзей, то ўлада была б яшчэ больш ветлівая», мяркуе Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Адначасова ў Гаспадарчым судзе Менску сёння адбываўся працэс у справе расейскіх сертыфікатаў, якія беларускія кантралёры прызналі фальшывымі. Суддзя прысудзіў прадпрымальніцы Таццяне Паляковай штраф памерам 30 базавых з канфіскацыяй прыбытку і тавараў.

«Мой прыклад паказаў, што ў любым выпадку прыйдуць. У 90 выпадках ты прызнаеш віну, і вось што будзе далей. Мала таго, што сканфіскуюць тавар, дык яшчэ і канфіскацыя грошай», падсумоўвае прадпрымальніца Таццяна Палякова.

Паказальным працэс Таццяны Паляковай назваў і адзін з прадпрымальніцкіх лідараў, старшыня аб’яданання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. На ягонае меркаванне, такім чынам улады выразна паказалі свае намеры ў дачыненні малога бізнесу.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Стужка навінаў