«Любіў тэхна». Другі падазраваны ў атручванні Скрыпалёў у маладосці быў дыджэем


Бі-Бі-Сі апублікавала падрабязнасці біяграфіі Аляксандра Мішкіна, якога міжнародная група журналістаў-расследавальнікаў лічыць афіцэрам ГРУ, звязаным з атручваннем Сяргея і Юліі Скрыпалёў.

8 кастрычніка Bellingcat назвала сапраўднае імя «бізнесоўца і турыста Аляксандра Пятрова», які ў сакавіку наведаў Солсбэры. Выданне сцвярджае, што гэта Аляксандр Мішкін. Другі падазраваны ў атручванні Скрыпалёў, паводле расследавання, з’яўляецца вайсковым лекарам і супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення Генштаба Узброеных сілаў Расеі (цяпер – ГРУ).

Мішкін нарадзіўся ў 1979 годзе ў Лойзе, маленькай вёсцы ў Архангельскай вобласці. Найбліжэйшы буйны горад – Котлас – за 110 кіламетраў. Шашэйных дарог з цвёрдым пакрыццём у вёсцы няма, дабрацца да Лойгі можна толькі па чыгунцы, узімку – па скутых лёдам рэках.

«Вучыўся добра, любіў тэхна»

Мішкіна на фотаздымках з ягонага пашпарта і з брытанскай візы пазналі жыхары Лойгі Мікалай Тулінаў і Дзяніс Красноў. Апошні вучыўся з Мішкіным у адной школе.

«Ён старэйшы на два класы быў, – распавёў Бі-Бі-Сі Дзяніс Красноў. – Ну не зусім блізка кантактавалі, жылі мы на процілеглых баках пасёлка, проста ў той час добра ведалі адзін аднаго. Але кампаніі розныя былі ў нас з ім», – успомніў Красноў.

У школе Аляксандр Мішкін вучыўся добра, «на чатыры і пяць», але скончыў яе без медаля.

З часоў, калі Мішкін і Красноў вучыліся ў школе, колькасць жыхароў і так невялікіай Лойгі скарацілася яшчэ мацней.

«У наш час насельніцтва было дзесьці 3500–3700 чалавек, цяпер быццам каля 900», – сказаў Красноў.

Паводле Краснова, у школьныя гады Мішкін захапляўся гульнявымі прыстаўкамі і музыкай.

«У той час прыстаўкі гульнявыя былі, Sega, – прыгадвае Красноў. – Дыскатэкі вёў у пасёлку. Больш на заходнюю [музыку] ўхіл быў у яго. Mo-Do [італьянскі ды-джэй], E-Type [шведскі поп-музыкант], карацей, тэхна», – кажа Красноў.

Паводле ягоных словаў, Мішкін трохі граў на гітары, але «не публічна».

Мішкін жыў у Лойзе з бацькамі і малодшай сястрой Марыяй. Бацькі – Яўген і Таццяна Мішкін – пабраліся шлюбам у 1978 годзе ў Лойзе.

«Мама ў яго не памятаю, дзе працавала, а бацька ў канторы ў леспрамгасе працаваў», – растлумачыў Красноў.

Журналісты высветлілі, што бацька Мішкіна працаваў у мясцовых лесанарыхтоўчых прадпрыемствах, а пэўны час быў дырэктарам Ламавацкага леспрамгасу і валодаў невялікімі часткамі ў кампаніях «Вологдалес» і «Древэкспорт». У ліпені яму споўнілася 63 гады.

У мясцовым прадпрыемстве «Ламаватка-лес» працавала і маці Мішкіна (прынамсі, да 2007 года).

Згодна са старонкай ягонай маці ў «Аднакласніках», не выключана, што ў Аляксандра Мішкіна можа быць дачка.

Журналісты высветлілі, што пасля школы Мішкін служыў у войску – у ваеннай выведцы ў Мурманскай вобласці. Імаверна, у тым жа годзе або пазней ён паступіў у Ваенна-медычную акадэмію ў Санкт-Пецярбурзе.

ВМА – асноўны расейскі цэнтр прафесійнай падрыхтоўкі ваенных лекараў. У акадэміі шэсць факультэтаў падрыхтоўкі вайскоўцаў і адзін факультэт падрыхтоўкі і ўдасканалення грамадзянскіх лекараў.

Падчас вучобы ў ВМА на Мішкіна звярнулі ўвагу прадстаўнікі ГРУ.

«Быццам у Маскве жыве»

У 2007-м Мішкін быў зарэгістраваны ў доме 12 на вуліцы Акадэміка Лебедзева ў Пецярбургу.

«Гадоў як 15 я яго ўжо не бачыў, ён быццам у Маскве жыве», – распавёў Красноў.

Ужо ў першай палове 2010-х Мішкін прапісаўся на Харашоўскай шашы ў Маскве, дзе размяшчаецца штаб-кватэра ГРУ. Bellingcat падае, што Мішкін пераехаў у Маскву не пазней за 2010 год.

Яшчэ адзін герой?

Красноў таксама сцвярджае, што каля 10 гадоў таму Мішкін «атрымаў героя Расеі»: «Проста тады шмат хто казаў пра гэта».Бі-Бі-Сі не валодае афіцыйным пацвярджэннем гэтай інфармацыі, на партале прававой інфармацыі ўказа прэзідэнта аб узнагароджанні Аляксандра Мішкіна знайсці не ўдалося.

Раней высветлілася, што званне Героя Расеі атрымаў Анатоль Чапіга, які, мяркуецца, ездзіў у Солсбэры пад імем Руслана Башырава.

У заяўцы на атрыманне новага пашпарта (на прозвішча Пятроў) Мішкін ўказаў адрас у маскоўскім раёне Чартанава, высветлілаБі-Бі-Сі. Але, па звестках «Росреестра», па гэтым адрасе жыў зусім іншы Пятроў. Тым не менш, цяперашняя ўладальніца кватэры на працягу некалькіх гадоў атрымлівала штрафы за парушэнне Правілаў дарожнага руху на імя Аляксандра Пятрова.

Bellingcat і The Insider сцвярджаюць, што Мішкін удзельнічаў у спецаперацыях ува Украіне, у Прыднястроўе і ў Заходняй Еўропе.

Сёння аўтары *расследавання* апублікуюць поўны даклад аб праведзенай працы.

ДД

Стужка навінаў