Алег Сянцоў пачаў пісаць сцэнар фільму пра турэмнае жыццё і зняволеных


Як сцвярджае намеснік дырэктара Федэральнай службы выканання пакаранняў Валерый Максіменка, натхненне не пакідае рэжысёра.

Алег Сянцоў галадаў 145 дзён. 6 кастрычніка ён спыніў галадоўку праз пагрозы гвалтоўнага кармлення.

Паводле Валерыя Максіменка, пакуль Сянцоў мала есць, у асноўным кашы і кісламалочныя прадукты.

«Так будзе дзесьці дваццаць дзён, пасля чаго яго перавядуць на звычайную турэмную ежу».

У сваім інтэрв’ю Максіменка пагрозы гвалтоўнага кармлення назваў курсам лекавання.

«Сянцову сказалі, што за яго жыццё і здароўе будуць змагацца і памерці не дадуць. Рэшта была на яго меркаванне».

Максіменка таксама распавёў пра дактароў калоніі ў горадзе Лабытангі, якія, даведаўшыся пра спыненне галадоўкі, захацелі накарміць украінскага палітзняволенага хатняй ежай. Адна жанчына-лекар нават паехала на рынак, купіла жывую курыцу, аскубла яе і зварыла булён.

Стрыечная сястра Сянцова Наталля Каплан 5 кастрычніка напісала на сваёй старонцы ў Facebook, што «Алег абраў спробу выжыць».

«Ніхто цяпер не можа сказаць, ці выжыве Алег. Ад яго здароўя мала што засталося. Да гіпаксіі, анеміі, дыстрафіі дадалася арытмія і ішэмія, ныркі забітыя і ў любы момант могуць адмовіць, печань павялічана і ўжо пачала раскладацца, праблемы з кішэчнікам і мозгам ».

Гісторыя пераследу Сянцова

Алега Сянцова затрымалі і ў жніўні 2015 году асудзілі за нібыта арганізацыю тэрарыстычнай супольнасці. Суд у Расеі палічыў, што Сянцоў разам з актывістам Кольчанкам ініцыявалі падпалы офісаў арганізацыяў «Расейская абшчына Крыму» і офісу «Адзіная Расея» у Сімферопалі. За гэта Сянцову прысудзілі 20 гадоў калоніі строгага рэжыму, Кольчанку – 10 гадоў турмы.

Асуджаныя лічаць справу палітычна матываванай, а доказы – сфальсіфікаванымі следствам. Сянцоў сцвярджаў, што яго пасля арышту збівалі і катавалі працаўнікі ФСБ, дамагаючыся прызнаня віны.

14 траўня 2018 года рэжысёр абвясціў бестэрміновую галадоўку, патрабуючы вызвалення ўсіх украінскіх палітвязняў з расейскіх турмаў – 64 чалавекі. Алег Сянцоў галадаў 145 дзён – гэта беспрэцэдэнтны выпадак у найноўшай гісторыі расейскіх турмаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў