Чаму ў Коржыча былі звязаныя ногі?


У судзе па справе сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча, на якіх ускладаюць адказнасць за трагічную гібель Аляксандра Коржыча ў Печах, 8 кастрычніка дапыталі эксперта ў галіне судовай медыцыны. Паводле прафесара Алега Чучко, Коржыч мог здзейсніць самагубства, аднак у абставінах ягонай смерці ёсць і незвычайныя дэталі.

Кіраўнік кафедры судовай медыцыны БДМУ, прафесар Алег Чучко быў выкліканы ў суд у якасці эксперта, каб пракаментаваць, чаму цела Аляксандра Коржыча было знойдзена са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай, і ці характэрна гэта для самагубства.

«Выпадкі, калі перад самагубствам звязваліся рукі ды ногі – яны вядомыя ў судовай медыцыне даўно. Такія выпадкі апісаныя нават у падручніках пазамінулага стагоддзя», – адзначыў ён.

Паводле Чучко, чалавек, які вырашыў здзейсніць самазабойства, можа звязаць сябе рукі ў якасці пэўнай падстрахоўкі – каб не было магчымасці перадумаць і ў апошні момант сарваць пятлю. «То бок звязаныя рукі і ногі не выключаюць магчымасці самазабойства», – дадаў ён.

Між тым, Чучко прызнаў: за сваю амаль 50-гадовую практыку ён не сустракаўся з выпадкамі, калі самазабойца звязваў сябе толькі ногі. Не чытаў ён пра такія выпадкі і ў спецыялізаванай літаратуры. Звычайна гаворка ідзе пра звязванне толькі рук або рук і ног. Таксама ён не прыгадае, калі чалавек, які вырашыў здзейсніць самазабойства, нацягваў сябе нешта на галаву.

Адначасова прафесары Чучко падкрэсліў: паводзіны самазабойцы не трэба разглядаць з пункту гледжання логікі звычайнага чалавека.

«Трэба разумець, што псіхічны стан самазабойцы характарызуецца вялізарным стрэсам. У такім стане чалавек неадэкватна ацэньвае сітуацыю, ён востра рэагуе на рэчы, на якія іншы нават не зверне ўвагу. Таму паводзіны чалавека ў такім стрэсе нельга ацэньваць з пазіцыі нармальнага чалавека», – дадаў ён.

Маці загінулага жаўнера Святлана Коржыч у адказ на гэта адзначыла, што ніякіх прыкметаў вялізарнага стрэсу або ненармальнасці ў яе сына не было.

«Калі ён быў ненармальны, навошта яго ў армію бралі?» – запытала яна.

У сваю чаргу Чучко дадаў, што прыкметы стрэсу не абавязкова праяўляюцца працяглы час – за некалькі гадзінаў да самагубства чалавек вонкава можа паводзіць сябе цалкам нармальна.

На судзе па справе Коржыча

Таксама ў судзе былі дапытаны вайскоўцы Антон Рашэтнік і Павел Дзюк, якія адначасова з Коржычам знаходзіліся ў шпіталі незадоўга да ягонай смерці. Яны заявілі, што нічога неадэкватнага або незвычайнага ў паводзінах Коржыча ў тыя дні не заўважалі. «Ён быў ціхі, пераважна маўчаў», – распавёў Павел Дзюк.

Нагадаем, менавіта пасля выпіскі са шпіталю Аляксандр Коржыч знік і потым быў знойдзены павешаным. У сваю чаргу Святлана Коржыч працягвае настойваць на тым, каб у суд была дастаўлена лекар са шпіталю ў Печах спадарыня Чумак. Пасля трагедыі, якая адбылася з Коржычам, Чумак звольнілася і з’ехала працаваць у Расею. «Я не лічу, што адшукаць яе ў Расеі настолькі цяжка. Значыць, я асабіста яе знайду, калі суд не можа», – дадала Святлана Коржыч на судзе.

У так званым працэсе па справе Коржыча з 18 верасня па 8 кастрычніка быў аб’яўлены перапынак. Перапынак быў звязаны з неабходнасцю даставіць падсудных на паралельны працэс над прапаршчыкам і лейтэнантам з роты Коржыча, а таксама з неабходнасцю правесці праверку па факце заяваў сяржантаў пра ціск на іх з боку КДБ падчас папярэдняга следства. Вынікаў праверкі Следчага камітэту па гэтым заявам пакуль у судзе не абвясцілі.

  • 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка 2017 года знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, з яго здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.
  • Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных справаў у дачыненні вайскоўцаў за дзедаўшчыну і бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы.
  • Нарэшце, 19 красавіка Следчы камітэт абвесціў, што следства па справе завершана і версія забойства не пацвердзілася. Паводле СК, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты з трэцяй вучэбнай танкавай роты 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.
  • Суд па справе распачаўся 8 жніўня. Сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 430 («атрыманне хабару»), а таксама паводле ч. 3 арт. 455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзеянне ўлады) Крымінальнага кодэксу Беларусі. На думку следства, менавіта іхныя дзеянні падштурхнулі Коржыча да самагубства. Сваю віну сяржанты прызнаюць часткова. Паводле іх, злоўжыванне ўладай і атрыманне хабараў сапраўды адбываліся, аднак датычнасць да смерці Коржыча падсудныя зняпраўджваюць.
  • Паралельна Менскі раённы суд разглядае справу прапаршчыка Артура Вірбала і лейтэнанта Паўла Сукавенкі з роты, дзе загінуў Аляксандр Коржыч. Іх вінавацяць ва «злоўжыванні ўладаю» (ч.1 і 2 арт. 455 КК), аднак следства не лічыць, што яны датычныя да смерці Коржыча. Пацярпелымі ў справе праходзяць 6 сяржантаў, сярод іх – Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч.

ІІ, belsat.eu

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў