ФСБ Расеі шукае вінаватых у распаўсюдзе звестак пра Пятрова і Башырава


Спецслужбы Расеі шукаюць крыніцы, якія прадставілі для медыяў асабістыя звесткі пра Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. Апошніх Лондан падазрае ў атручванні Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў Солсберы.

Супраць тых, хто дапусціў уцечку, «будуць прыняты вельмі сурʼёзныя меры», – паведамляе расейскае выданне «Росбалт».

«Гаворка не ідзе пра тое, што дзякуючы гэтым звестках з’явілася інфармацыя пра нейкае выкрыццё… Насамрэч падобная інфармацыя не павінна быць у свабодным доступе. Бо дадзеныя змогуць выкарыстаць крымінальнікі, а таксама заходнія спецслужбы», – цытуе словы інфармаванай крыніцы інтэрнэт-партал «Росбалт».

Выданне таксама піша, што спецслужбоўцам вядома, што распаўсюд дадзеных Пятрова і Башырава адбыўся па лініі МУС РФ.

«Але супрацоўнік асабіста не ведаў, чые дакументы ён прадае», – дадаў суразмоўца «Росбалта».

Раней міжнародная даследчая група Bellingcat і расейскае выданне The Insider прыйшлі да высновы, што Пятроў і Башыраў зʼяўляюцца супрацоўнікамі расейскіх спецслужбаў. Лонданская паліцыя абвінавачвае іх у замаху на Скрыпалёў і пагражае ім судовым пераследам. Крэмль лічыць гэтыя абвінавачванні беспадстаўнымі.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў