Міліцыя атачыла школу падчас бацькоўскага сходу, каб уручыць павестку аднаму з бацькаў. Ён журналіст «Белсату»


Журналісты Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук раскрылі эпідэмію свіней у Жабінкаўскім раёне. За гэта іх будуць судзіць

Беларускія ўлады працягваюць пераследаваць журналістаў за супрацу з «Белсатам». За раскрыццё інфармацыі пра эпідэмію свіней у Жабінкаўскім раёне ўлады пераследуюць берасцейскіх журналістаў-фрылансераў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву.

Эпідэмія свіней у Жабінкаўскім раёне пачалася гэтым летам, пра гэта «Белсату» паведамілі гледачы. Калі здымачная група выехала на месца ў вёску Азяты, журналісты ўпэўніліся, што ўлады замест таго, каб вырашаць праблему, робяць усе для таго, каб інфармацыя не выйшла па-за межы Жабінкаўскага раёну. У вёсцы даволі хутка з’явілася міліцыя, а пасля АМАП, але журналісты пазбеглі затрымання.

Але на гэтым міліцыя на спынілася: тры тыдні маёр Жабінкаўскага РАУС Уладзімір Савва паляваў на журналістаў, каб скласці на іх пратакол, і калі гэта не атрымалася, распрацаваў спецаперацыю.

Уладзімір Савва паляваў на Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву цягам трох тыдняў. Фота – «Сельская праўда»

Увечары 13 верасня Алесь Ляўчук адправіўся на бацькоўскі сход у школу сваёй дачкі. У гэты час міліцыянты акружылі будынак. Каб уручыць позву, аж тры міліцыянты суправадзілі Алеся Ляўчука ў апорны пункт, дзе Уладзімір Савва ў парушэнне закону прымушаў журналіста перадаць позву ў Жабінкаўскі РАУС таксама Мілане Харытонавай.

«Не хапала толькі АМАПу і верталётаў. Замест таго, каб пачаць працаваць, міліцыянты ганяюцца за журналістамі. Мне цікава, якім чынам міліцыя даведалася пра бацькоўскі сход і чаму ўмешваецца ў прыватнае жыццё. Прычым тут дзіцё? Дзейнічаць такім чынам, гэта подла і ганебна. Але апошнім часам гэтыя якасці сталі фірмовым стылем беларускай міліцыі», – кажа Алесь Ляўчук.

У выніку журналісты адмовіліся ехаць у Жабінкоўскі РАУС, але супрацоўнікі міліцыі запэўнілі, што ад адказнасці за выраб тэлерэпартажу журналістам не ўцячы, і справу перададуць у суд. Пры гэтым у міліцыянта няма ніякіх доказаў, таго што менавіта Ляўчук і Харытонава былі на здымках у Жабінкаўскім раёне.

А пазней Алесь Ляўчук даведаўся, што міліцыя шукае яго быццам бы за іншыя здымкі ў Жабінцы.

«Гэтым пераследам улады хочуць паказаць, што нельга здымаць у Жабінкаўскім раёне, але такім чынам нас не спыніць. Мы будзем паказваць праўду. Толькі ў жніўні «Белсат» раскрыў эпідэмію свіней у Жабінкаўскім раёне, падрабязна распавёў пра забойства міліцыянта ў Івацэвічскім раёне ды паказаў, як былі кіраўнік Кобрынскага РАУС Сяргей С’едзін стаў бізнесменам і не плоціць людзям заробкі. Таму ўлада так рэагуе на нашу працу», – адзначае Алесь Ляўчук.

ХВ

Стужка навінаў