Абвінавачаны па справе Коржыча распавёў, як працавала сістэма пабораў у Печах


У трэцяй вучэбнай танкавай роце вучэбнага цэнтру ў Печах, дзе служыў Аляксандр Коржыч, існавала татальная сістэма пабораў. Абвінавачаны па справе Коржыча Ягор Скуратовіч распавёў у судзе пра тое, што не толькі «дзяды» вымагалі грошы ў «духаў», але і афіцэры ў жаўнераў.

Сяржант Ягор Скуратовіч заявіў, што камандзір роты старэйшы лейтэнант Павел Сукавенка завёў такі парадак: жаўнеры мусілі рэгулярна купляць яму каву, цыгарэты, прадукты. У сваю чаргу «дзяды» прымушалі «духаў» купляць прадукты ў краме за ўласныя грошы – частку стараслужачыя бралі сябе, а частку аддавалі камандзіру роты. Абвінавачаны таксама распавёў пра выпадак, калі старэйшы лейтэнант вымагаў у яго грошы за карыстанне мабільным тэлефонам – патрабаваў за гэта набыць яму новую форму. Акрамя таго, паводле Скуратовіча, Сукавенка краў грошы з грашовага забяспячэнні жаўнераў – шарагоўцам ён выдаваў 8,5 рублёў замест 9,3, а сяржантам – 15 замест 16 рублёў. Розніцу афіцэр браў сябе.

Дзедаўшчына як сістэма

Сяржанту Скуратовічу 20 гадоў. Ён быў прызваны на вайсковую службу на 6 месяцаў пазней Бараноўскага і Вяжэвіча. Скуратовіч падкрэсліваў на судзе, што сістэма нестатутных адносінаў і пабораў у Печах склалася задоўга да таго, як ён трапіў у войска. На ягоную думку, не ўдзельнічаць у дзедаўшчыне фактычна было нельга: калі стараслужачы, напрыклад, не захацеў бы ўжываць фізічную сілу ў адносінах да «духаў», то да яго пачалі б зняважліва ставіцца іншыя сяржанты.

Сваю віну Скуратовіч прызнае часткова. Паводле яго, злоўжыванне ўладай і атрыманне хабараў сапраўды мела месца, аднак датычнасць да смерці Коржыча сяржант зняпраўджвае.

«Я лічу, што нашыя дзеянні не маглі прывесці да яго самагубства. Яму ж заставалася некалькі тыдняў у нашай роце, потым яго мусілі перавесці ў іншую частку. Тым больш на гэты час можна было без праблемаў легчы ў медычную роту», – заявіў ён.

Загадкавы таварыш Коржыча

Скуратовіч распавёў, што Аляксандр Коржыч у сваёй роце сябраваў з шарагоўцаў Алімхаджаевым, які нібыта меў суіцыдальныя схільнасці. У прыватнасці, сяржанты бачылі запісы ў ягоным сшытку – малюнкі самагубства, суіцыдальныя вершы. Алімхаджаеў тлумачыў сяржантам, што гэта ў яго такі настрой часам бывае. А аднойчы Алімхаджаеў сышоў у лес, зрабіў пятлю на дрэве і проста сядзеў побач.

Маці загінулага жаўнера Святлана Коржыч у сваю чаргу мяркуе, што роля Алімхаджаева ў трагедыі не да канца высветлена.

«Сын тэлефанаваў мне, казаў, што «мне засталося пратрымацца 2 тыдня, я потым сам буду з гэтай арміяй ваяваць». Чаму людзі, схільныя да суіцыду, засталіся жыць, а ён загінуў? Чаму Чумак, якая яго лячыла ў медычнай роце, чаму Алімхаджаеў гэты з’ехалі ў Расею? Ніхто не спрабуе высветліць прычыны!».

Скуратовіч сцвярджае, што працаўнікі КДБ нібыта аказвалі на яго маральны ціск, аднак прынцыпова на яго паказанні гэта не паўплывала: КДБшнікі толькі падказалі сяржанту шэраг фармулёвак, сэнс фактычна не змяніўся. У адрозненні ад сяржанта Бараноўскага, які даваў паказанні ўчора, Скуратовіч падкрэслівае: фізічнае ўздзеянне да яго не ўжывалася.

  • 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка 2017 года знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.
  • Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў за дзедаўшчына і бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы.
  • Нарэшце, 19 красавіка, Следчы камітэт аб’явіў, што следства па справе завершана і версія забойства не пацвердзілася. Паводле СК, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты з трэцяй вучэбнай танкавай роты 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.
  • Суд па справе распачаўся 8 жніўня. Сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 430 («атрыманне хабару»), а таксама паводле ч. 3 арт. 455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзеянне ўлады) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў