У працаўніка Гарадзейскага цукровага камбіната знайшлі кулямёт, аўтаматы, вінтоўкі і гранаты


Сілавікі затрымалі начальніка цеплаэнергацэнтралі Гарадзейскага цукравага камбінату Леаніда Штейна і асобу з ягонага атачэння – у іх знайшлі дзясяткі адзінак зброі, гранаты, выбухоўкі і тысячы патронаў. Адкуль у іх узяўся такі арсенал пакуль невядома.

Як паведамляе сайт МУС, 7 верасня ў аграгарадку Краснае Гомельскага раёна супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, якім кіраваў жыхар Гарадзеі. Міліцыянты знайшлі ў машыне аўтамат Калашнікава з прыстасаваннем для бясшумнай стральбы, пісталеты Макарава і ТТ, па некалькі падрыхтаваных магазінаў да пералічанай зброі, вінтоўку, 4 ручныя гранаты, 3 ўзрыўпакеты і сотні патронаў рознага калібру.

У МУС не называюць прозвішча жыхара Гарадзеі, аднак паводле TUT.by гаворка ідзе пра 48-гадовага начальніка ЦЭЦ Гарадзейскага цукравага камбінату Леаніда Штэйна. Следчыя распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 295 КК Беларусі (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), яго памясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Канфіскаваная зброя. Фота – http://mvd.gov.by

У кватэры, гаражы і службовым кабінеце Штэйна правялі ператрусы. Сілавікі падчас ператрусаў канфіскавалі вялізарную колькасць зброі. Частка зброі была зарэгістраваная – два наразных карабіна, чатыры гладкаствольных стрэльбы і два пісталеты. Частка захоўвалася незаконна: кулямёт, 5 аўтаматаў, 10 вінтовак, 10 пісталетаў, 28 гранат, 265 выбуховых прылад, каля 2 кг выбуховых рэчываў і каля 10 тыс. патронаў рознага калібру.

Таксама, як паведамляюць у міліцыі, быў затрыманы «грамадзянін з блізкага атачэння фігуранта». Пры ператрусе ягонага жытла ў Берасцейскай вобласці выяўлены зарэгістраваны наразны карабін, гладкаствольная стрэльба і 3 незарэгістраваныя вінтоўкі, 3 гладкаствольных паляўнічых стрэльбы і 381 патрон рознага калібра.

Канфіскаваная зброя. Фота – http://mvd.gov.by
Канфіскаваная зброя. Фота – http://mvd.gov.by

Сілавікі цяпер спрабуюць устанавіць крыніцы паходжання гэтай зброі і магчымых саўдзельнікаў незаконнага абароту зброі.

Як раней пісаў belsat.eu, Гарадзейскі цукравы камбінат пастаўляе сваю прадукцыю сепаратыстам ДНР і ЛНР.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў