«У нас ніхто не верыць у версію Мінабароны». Жаўнер Сяргей Ясюкевіч правісеў у пятлі двое содняў


Сваякі і сябры жаўнера тэрміновай службы Сяргея Ясюкевіча, якога знайшлі мёртвым увечары 8 верасня ў лесе пад Горадняй, не вераць у афіцыйную версію Мінабароны пра самазабойства з асабістых прычынаў. Яны лічаць, што прычыны трагедыі трэба шукаць у ягонай службе. Belsat.eu высвятляў абставіны загадкавай смерці ў войску.

Учора прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі распаўсюдзіла інфармацыю, што 8 верасня каля 18.00. у лесе было знойдзена цела 26-гадовага вайскоўца тэрміновай службы, які раней самавольна пакінуў вайсковую частку. «Па выніках папярэдніх следчых дзеянняў, прычына смерці мае выключна асабісты характар, пра што сведчыць знойдзеная пры ім перадсмяротная запіска», – паведамілі ў міністэрстве.

Пазней высветлілася, што імя загінулага жаўнера – Сяргей Ясюкевіч. Малады чалавек служыў у 6-й асобнай механізаванай брыгадзе ў Горадні. Да дэмабілізацыі Сяргею заставалася каля 2,5 месяцаў.

Сяргей Ясюкевіч. Фота – ВК

Што было ў перадсмяротнай запісцы

У перадсмяротнай запісцы Сяргея Ясюкевіча, пра якую паведаміла Мінабароны, з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі было напісана, што яму «надакучыла гэтак жыць» і што ў сваёй смерці ён «просіць нікога не вінаваціць». Але прычыны самагубства там ніяк не тлумачыліся. Маці Сяргея бачыла запіску – яна кажа, што «быццам бы» гэта сапраўды почырк яе сына.

Маці жаўнера Ала Пятроўна кажа, што апошні раз размаўляла з сынам у першых днях верасня. Нічога незвычайнага ў паводзінах Сяргея яна не заўважыла, малады чалавек ні на што не скардзіўся, размаўляў спакойна. Жанчына кажа, што ў сына не было асабістых прычынаў здзяйсняць самагубства.

«У нас ніхто не верыць у версію Міністэрства абароны, – прызнаецца Ала Пятроўна, – Я не ведаю, што адбылося. Я б хацела высветліць, хто ў гэтым вінаваты, але не ўпэўнена, што нешта атрымаецца… У любым выпадку, Сяргея не вярнуць».

Ала Пятроўна прызнаецца, што толькі пасля смерці сына даведалася, што апошнім часам ён прасіў сваякоў пералічваць яму грошы на невядомыя банкаўскія карткі і нумары тэлефонаў – па 10, 20, 50 рублёў. На што і каму ішлі гэтыя грошы, сваякі не ведаюць.

Паводле Мінабароны, Сяргей Ясюкевіч збег з часткі 5 верасня. 6 верасня жаўнер павесіўся. Цела знайшлі толькі праз два дні – 8 верасня.

«Ён быў у пятлі, то бок павесіўся проста ў лесе. Кажуць, яго нібыта мінак знайшоў, – распавядае траюрадны брат жаўнера Ігар, – Заўтра цела мусяць прывезці з Горадні. У частцы спачатку казалі, што труна будзе закрытай. Я яшчэ здзівіўся: а чаму труна закрытая? Але можа яшчэ дазваляць у адкрытай труне хаваць. Мне ўся гэта афіцыйная версія падаецца вельмі дзіўнай, нерэальнай. Я схіляюся да таго, што ў ягонай смерці павінна войска. У Сяргея не было сямейных праблемаў, не было праблемаў з дзяўчынай, ён строіў планы на будучыню».

У чэрвені Сяргей Ясюкевіч трапіў шпіталь – ён нібыта атрымаў выпадковае агнястрэльнае раненне ў руку. Блізкія з падазрэннем паставіліся да гэтай гісторыі, сумняваючыся, што з аўтамата можна самому прастрэліць сябе руку, аднак ніякіх падрабязнасцяў гэтак і не даведаліся.

Сябры жаўнера на ўмовах ананімнасці распавялі, што на мінулым тыдні яго мусілі адправіць у менскі вайсковы шпіталь на абследаванне. Планавалася, што ў Менск ён прыедзе 5 верасня, напярэдадні Сяргей нават дамаўляўся з сябрамі з Менску, што тыя яго наведаюць у шпіталі. Аднак да сталіцы жаўнер не даехаў – 5 верасня ён знік.

«Бязглузда забіваць сябе за два месяца да вяртання дадому»

Сяргей Ясюкевіч. Фота – ВК

Хлопец меў судзімасць, у свой час быў пакараны «хіміяй» – як кажуць сваякі, па маладосці ён звязаўся з «кепскай кампаніяй». Потым працаваў у Расеі. У войска Сяргей пайшоў добраахвотна, хаця браць яго праз судзімасць спачатку не хацелі. Думаў, нават пра тое, каб застацца пасля тэрміновай службы на кантракт.

Як родныя, гэтак і сябры кажуць, што ў асабістых размовах Сяргей на службу ў войску не скардзіўся, ні пра збіццё, ні пра вымаганне грошаў нічога не казаў. Але гэта не значыць, што ён не меў праблемаў, дадаюць яны – Сяргей наогул не любіў распавядаць пра свае складанасці ў жыцці.

«Наўрад ці ён мог скончыць жыццё самагубствам. Неяк бязглузда забіваць сябе, калі да вяртання дадому заставалася 2 месяца», – кажа суразмоўца belsat.eu.

«Каб у Гарадзенскай вобласці за адзін тыдзень загінулі два жаўнеры і абодва праз стасункі з дзяўчынай? Няўжо ў гэта можна паверыць? Гэта нейкае трызненне!» – кажа яшчэ адзін сябра.

Пахаванне Сяргея Ясюкевіча мусіць адбыцца заўтра, 11 верасня, у вёсцы Ятра.

Нагадаем, за тры дні да смерці Ясюкевіча стала вядома, што ў Слоніме, у вайсковай частцы 33933 (11-я асобная механізаваная брыгада) павесіўся шараговец Арлоў. Да дэмабілізацыі шарагоўцу заставалася троху больш за паўгады. Паводле Мінабароны, прычына была таксама ў «асабістых абставінах». Між тым, паводле крыніцаў belsat.eu, у в/ч 33933 мела месца жудаснае стаўленне да жаўнераў з боку афіцэраў, што магло стаць прычынай трагедыі.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў