Афіцыйныя прафсаюзы б’юць трывогу – даражэе кураціна. А за ёй – і свініна


Сюжэт «Аб’ектыву» пра павышэнне цэнаў (за 31 ліпеня)

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) лічыць неабгрунтаваным павышэнне рознічных цэнаў на мяса птушкі і мае намер правесці «народнае расследаванне».

«Падаражэнне птушкі адзначаецца на працягу апошніх 3-х месяцаў. Мы лічым гэтае павышэнне цэнаў неабгрунтаваным і адрасуем дадзенае пытанне МАРТ і Камітэту дзяржкантролю. Паралельна правядзем уласнае «народнае расследаванне», – перадае «Інтэрфакс» словы намесніка старшыні ФПБ Алены Манкевіч.

У канцы ліпеня мы распавядалі пра гэтую праблему. Тады ў адзін дзень цэны на кураціну ў сямі найбуйнейшых вытворцаў падскочылі больш як на чвэрць. Пасля выхаду нашага сюжэту Міністэрства антыманапольнага рэгуляванне атрымала новыя паўнамоцтвы (МАРТ), але праблема па-ранейшаму актуальная.

Сустаршныя Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Беларусі Віктар Маргелаў у каментары Belsat.eu кажа, што прафсаюзнікі «слушна сігналізуюць»:

«Не толькі сем вытворцаў паднялі цэны (у ліпені), але і астатнія вытворцы даволі стабільна павышаюць цяпер цэны – на 20-30 % удалася падняць цэны практычна ўсім. Гэта пацягнула павышэнне цэнаў на свініну таксама адсоткаў на 20. Прафсаюзы паўплываць не могуць, тут пытанне да антыманапольнага органу, які не змог перадухіліць цэнавую змову. І ў прынцыпе інфляцыя па краіне пайшла па ўсіх астатніх кірунках».

Што да эфектыўнасці антыманапольнага органу – згаданага МАРТ – то тут ёсць пытанні.

«Здаецца, паводле закону, МАРТ мае дастаткова падставаў, каб прывесці сітуацыю ў адпаведнасць. А што атрымаецца па факце – не ведаю. Яны скажуць, што «ідзе расследаванне». Але цяпер мы бачым, што гэтае расследаванне ніяк не ўплывае – наадварот узровень цэнаў на мяса ў нас імкліва разганяецца», – дадае Віктар Маргелаў.

Уладальнік адной з крамаў распавёў Belsat.eu, што да падаражэнняў завадская цана за кілаграм кураціны (без нацэнак і ПДВ) складала Br 2,2 – 2,7. Цяпер паднялася да Br 2,2 – 2,7. Адпаведна кошт на прылаўку – Br 4 – 4,5.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў