У панядзелак будуць судзіць траіх абаронцаў Курапатаў


Дзяніса Урбановіча, Максіма Вінярскага і Філіпа Шаўрова затрымалі ў суботу ўвечары пасля чарговага інцыдэнту каля рэстарацыі «Поедем поедим». Цяпер яны ў ізалятары часовага ўтрымання Менскага раёну.

Да канфлікту актывістаў і аховы рэстарацыі спрычыніўся вялікі камень, які маладафронтавец Філіп Шаўроў паклаў пасярэдзіне праезду да брамы. Пасля таго, як каля брамы забаўляльнага комплексу распачалася штурханіна, адміністрацыя «Поедем поедім» выклікала міліцыю.

«Мне Дзяніс паспеў крыкнуць з машыны: «Вольга, нас паабяцалі ледзьве не забіць, паабяцалі адбіць усе органы». Потым хлопцаў звезлі і дасюль не выпусцілі. Я вельмі асцерагаюся за іх стан здароўя», – кажа «Белсату» абаронца Курапатаў, актывістка Вольга Мікалайчык.

Грамадскі актывіст Леанід Кулакоў, які ўдзельнічае ў акцыі пратэсту з пачатку лета, кажа, што «ўлады не рэагуюць на збіццё абаронцаў Курапатаў.

«Я асцерагаюся таго, што ўлады нарэшце адрэагуюць толькі тады, калі, не дай Бог, чыёйсьці скончыцца смерцю», – дадае Кулакоў.

Паводле Кулакова, Максіма Вінярскага затрымалі за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў (артыкул 23.4 КоАП). На падставе чаго затрымалі іншых хлопцаў – невядома.

Суды над Урбановічам, Вінярскім і Шаўровым, імаверна, адбудуцца ў панядзелак.

Абаронцы Курапатаў Барыс Анікееў, Леанід Кулакоў і Вольга Мікалайчык сядзяць на камяні, які стаў прычынай учорашняга інцыдэнту. Гэты здымак Максім Вінярскі зрабіў незадоўга да затрымання

Ужо тры месяцы ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць рэстарацыі, якая адкрылася на пачатку лета побач з урочышчам Курапаты, месцы масавых расстрэлаў у сталінскія часы.

Паводле даследчыкаў, тут загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ДД

Стужка навінаў