Экс-прэзідэнт Францыі распавёў, як на перамовах у Менску Пуцін выдаў прысутнасць войск РФ на Данбасе


Прэзідэнт Расеі Уладзімер Пуцін на перамовах у Беларусі ў 2015 годзе нерваваўся, крычаў і аднойчы ў раз’юшанасці прызнаў тое, што супраць украінскіх войск на ўсходзе Украіны ваююць расейскія войскі.

Пра гэта піша былы прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд у сваёй кнізе ўспамінаў «Урокі ўлады».

Перамовы пад далёкі гром артылерыйскай кананады

Перамовы адбываліся 11-12 лютага 2015 года ў Менску ў Палацы Рэспублікі. Гэта ўжо былі другія «Менскія пагадненні» – першыя былі заключаныя восенню 2014 года, аднак узімку антыўкраінскія баевікі і расейскія рэгулярныя войскі пайшлі ў новы наступ – на ўкраінскія пазіцыі пад горадам Дэбальцава.

Удзельнічалі ў перамовах, якія працягваліся і ў ноч на 12 лютага, прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і прэзідэнт Расеі Уладзімер Пуцін. Толькі 12 лютага прыбылі «лідары сепаратыстаў» Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі, якія ў перамовах удзелу не бралі.

Аляксандр Лукашэнка разам з удзельнікамі перамоваў. Фота wikipedia.org

Увесь час, пакуль лідары краін размаўлялі, пад Дэбальцава адбывалася жорсткае змаганне. Першыя атакі баевікоў на горад, які абаранялі ўкраінскія жаўнеры, не далі выніку, тады ў бой пайшлі рэгулярныя войскі Расеі.

Апошні факт неаднаразова прызнавалі і самі баевікі – напрыклад, толькі на мінулым тыдні пра гэта заявіў расейскі шавініст Аляксандр Жучкоўскі, які і дагэтуль дзейнічае на акупаванай тэрыторыі Украіны.

Грэх не схаваеш у мех

«Я хутка зразумеў, што Пуцін хоча выйграць час і адтэрмінаваць прыпыненне агню на як мага пазнейшы час, каб даць магчымасць сепаратыстам атачыць украінскую армію і заваяваць дадатковыя пазіцыі», – цытуе ўспаміны Алянда ўкраінскі часопіс «Тыждень».

Украінскі і расейскі прэзідэнты вялі размову на падвышаных танах, распавядае француз. Гэта прывяло да таго, што разнерваваны Пуцін выдаў сябе.

Расейскія танкі Т-72Б3 пад Дэбальцава, якія выпадкова трапілі ў эфір расейскага тэлебачання. Скрыншот tsn.ua.

«Парашэнка з Пуціным увесь час падвышалі голас адзін на аднога. Расейскі прэзідэнт так разнерваваўся, што пачаў пагражаць канчаткова раздушыць войска свайго апанента. Гэта паказала, што расейскія войскі на ўсходзе Украіны ёсць. Пуцін схамянуўся і ўзяў сябе ў рукі», – піша Алянд.

Сепаратысты Шрёдзінгера

Пуцін хацеў адцягнуць прыпыненне агню яшчэ на тры тыдні, пры гэтым адмаўляў сваю сувязь з антыўкраінскімі баевікамі, казаў, што быццам бы не можа за іх вырашаць. У адказ Францыя і Нямеччына пагражалі санкцыямі.

«Урэшце было ўзгоднена, што прыпыненне агню пачнецца праз чатыры дні, затым – адвядзенне цяжкай зброі і абмен палоннымі. Аўтаномію правінцый адхілілі. Але раптам Пуцін заявіў, што яму трэба пракансультавацца з лідарамі сепаратыстаў. Іхныя эмісары таксама ў Менску. Дзе канкрэтна? У гатэлі ці ў нейкім суседнім з намі кабінеце? Так ці інакш мы іх так і не ўбачылі», – піша Алянд.

У баях у раёне Дэбальцэва цяжкія страты панеслі абодва бакі. Скрыншот з відэа http://argumentua.com

У 9 гадзін раніцы аказалася, што «сепаратыстам» такое пагадненне не падыходзіць. У адказ Мэркель цвёрда паабяцала Пуціну міжнародную ізаляцыю.

«Той завагаўся і ўсё шукаў, як выйграць час… Пуцін выходзіць патэлефанаваць. Праз некалькі хвілін вяртаецца і паведамляе, што сепаратысты – тыя самыя, пра якіх ён зранку казаў, што іх не ведае, – пагадзіліся».

Кавалак за кавалкам

На меркавання Алянда, Пуцін намагаецца аднавіць былую савецкую, а цяпер расейскую зону ўплыву.

«Кіраўнік РФ хоча бачыць вакол сваёй дзяржавы заледзянелы пас падпарадкаваных земляў. Ягоная тактыка палягае ў распаленні канфліктаў паміж ворагамі і сябрамі, каб потым замарозіць гэтыя канфлікты. Шэрая зона ўжо сфармавалася на межах з Украінай, Грузіяй, Малдовай, Азербайджанам. Гэтыя краіны незалежныя, але паслабленыя», – піша экс-прэзідэнт.

«Кампрамісы, якія дасягаюцца ў экстраным рэжыме, патрэбныя, але яны не вырашаюць сутнасці праблемы: усталёўваецца крохкі мір, робяцца нормай рэаліі, якія былі навязаныя расейцамі. Вайну атрымліваецца запаволіць, але (расейскае) дамінаванне замацоўваецца. Пуцін запалохвае, каб больш зручным чынам весці перамовы. Ён… адкусвае тэрыторыі кавалак за кавалкам», – робіць вывады Алянд.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў