Расея рыхтуецца да найбуйнейшых ад 1981 года вайсковых манеўраў


Вучэнні пройдуць на мяжы з Манголіяй і Кітаем, у іх возьмуць удзел 260 тысячаў жаўнераў.

У адрозненні ад леташніх манеўраў «Захад», большая частка якіх прайшла на тэрыторыі нашай краіны (у іх межах Беларусь і Расея супрацьстаялі ўтварэнню «Вейшнорыі»), сёлетнія вучэнні пройдуць у азіяцкай частцы Расеі.

У панядзелак вайсковае камандаванне распачало раптоўную праверку гатовасці арміі да вучэнняў, інспекцыя павінная скончыцца ў суботу. Вучэнні распачнуцца 11 верасня. Імаверна, што назіраць за імі будзе Уладзімір Пуцін.

Міністр абароны Сяргей Шайгу, анансуючы манеўры, параўнаў іх з найбуйнейшымі вучэннямі краінаў Варшаўскае дамовы – «Захадам 1981», адсылаючы да найбольш вострага перыяду супрацьстаяння з Захадам падчас халоднай вайны.

Паводле расейскага міністэрства абароны, ува «Усходзе» возьмуць удзел 260 тысячаў чалавек, у тым ліку 3000 кітайскіх вайскоўцаў і кантынгент з Манголіі, а таксама будуць задзейнічаныя 900 танкаў, 1000 самалётаў і верталётаў, 300 адзінак марской тэхнікі і сотні адзінак артылерыі.

Да лічбаў не трэба ставіцца сур’ёзна: часта яны традыцыйна не супадаюць з праўдай – Расея любіць, калі вучэнні адпужваюць патэнцыйнага праціўніка і дапамагаюць прапагандзе ўнутры краіны. Гэтым разам, аднак, гаворка вядзецца не толькі пра прапаганду: «Усход» выразна дэманструе, як расейская вайсковая машына набывае наступальны характар.

У глыбокім тыле

Нягледзячы на тое, што Цэнтральны і Усходні вайсковыя акругі займаюць львіную частку Расеі, яны нашмат слабейшыя за любімыя Масквой Заходні і Паўднёвы акругі, а таксама Паўночны флот, якія будуць браць удзел у патэнцыйнай атацы на Захад. Менавіта часткі Заходняй і Паўднёвай акругаў былі ўцягнутыя ў найважнейшыя аперацыі апошніх гадоў: у Чачэніі, Грузіі, анексіі Крыму, вайне на Данбасе і аперацыі ў Сірыі. Як правіла, Заходні і Паўднёвы акругі маюць больш сродкаў і найноўшую тэхніку.

На іх тле Цэнтральная і Усходняя акругі, якія займаюць абшар ад Волгі да Сібіры, выглядаюць недагледжанымі.

У савецкія часы Масква трымала на ўсходзе даволі моцныя злучэнні для адбіцця патэнцыйнага нападу з боку Кітаю. Цяпер – пры захаванні тагачаснай інфраструктуры – Расея мадэрнізуе або стварае новыя, элітарныя часткі – як, напрыклад, 83-ю і 11-ю дэсантна-штурмавыя брыгады (ува Усурыйску і Улан-Удэ адпаведна), брыгаду спецназу ў Хабараўску і 5-ю танкавую брыгаду ўва Улан-Удэ, развівае марскую пяхоту і авіяцыю Ціхаакіянскага флоту.

Значна горш выглядае сітуацыя ў Цэнтральнай акрузе, якая ў савецкія часы разглядалася як глыбокі тыл патэнцыйных франтоў. Тут, што праўда, размешчаныя базы стратэгічных ракет, але патэнцыял канвенцыйных сілаў нашмат меншы, а ўзрост ужыванай тэхнікі – большы. У апошнія гады найменш новай і мадэрнізаванай тэхнікі трапляла менавіта ў сібірскія часткі.

«Гэта не азначае, што Цэнтральная акруга не грае важнай ролі: як тыл для першага ўдару, яна павінная быць у пастаяннай боегатовасці, – кажа амерыканскі вайсковы аналітык Філіп Пэтэрсан. – Апроч гэтага, Расея выпрабоўвае хуткае перакідванне значнай колькасці войскаў на вялікія адлегласці, і факт, што «Усход» будзе адбывацца пад мангольскімі межамі, не азначае, што гэта не сігнал для Захаду і НАТО».

Расейскае войска рэгулярна трэнуе хуткае перакідванне частак у аднаго канца вялікай краіны ў іншы: такі манеўр прысутнічаў ува ўсіх апошніх вучэннях – «Захадзе», «Цэнтры» і «Каўказе». У першых манеўрах «Усход» у 2010-м механізаваную брыгаду з Екацярынбургу перакінулі самалётам Іл-76 на Ціхі Акіян, на Далёкі Усход паляцелі таксама бамбавальнікі Су-24. У 2014-м расейскія часткі праехалі тысячы кіламетраў, каб апынуцца на мяжы з Кітаем.

Жаўнеры 83-й дэсантна-штурмавой брыгады з Усурыйска перад парашутным скачком. Фота – svoboda.org

Сцэнар сёлетніх вучэнняў пакуль невядомы. З інфармацыі аб удзеле ў іх 83-й, 11-й і 31-й (з Ульянаўска) дэсантна-штурмавых брыгадаў можна зрабіць выснову, што ў межах вучэнняў яны правядуць дэсантную аперацыю, зоймуць якую-небудзь тэрыторыю і паспрабуюць яе ўтрымаць з дапамогай сухапутных сілаў. Хутчэй за ўсё будзе трэнаваны ўзлом паветранай абароны праціўніка і супраца з ваенным флотам.

Металалом са складоў

Навінкай манеўраў стане трэнаванне хуткага ўключэння ў бой рэзервовай тэхнікі – то бок, складскіх запасаў. На расейскіх складах у рознай форме знаходзяцца тысячы танкаў Т-64, Т-72, Т-80 і нават Т-55, а таксама вялікая колькасць бронетранспарцёраў і артылерыі, выпушчаных у часы халоднай вайны. Яны – звычайна ў кепскім стане – параскіданыя ў схаваных у лясах складах на тэрыторыі ўсёй Расеі, але генералы плануюць падчас «Усходу» выцягнуць гэтую тэхніку і праверыць яе боегатовасць.

Закансерваваную тэхніку будуць выцягваць з такіх складоў як, напрыклад, у горадзе Буй у Кастрамской вобласці. Фота – yaplakal.com

«Гэта не абавязкова металалом. Аб тым, што ён яшчэ можа паслужыць, мы пераканаліся нядаўна, калі расейцы выцягнулі, напрыклад, са складоў Т-64 і далі іх сепаратыстам на Данбасе, каб яны выглядалі як трафеі, як здабытыя танкі ўкраінскага войска. Або калі яны выцягнулі Т-72 і выслалі ў падарунак Асаду», – кажа Філіп Пэтэрсан.

Старыя танкі могуць дапамагчы вайсковым часткам узмацніцца да стану пры поўнай мабілізацыі – а гэта ўжо трывожны сігнал. Расея выйшла з дамовы аб абмежаванні канвенцыянальнай зброі ў Еўропе. Дэманструючы магчымасці хуткага ўводу ў эксплуатацыю тэхнікі са складоў і перакідвання яе на далёкія адлегласці, Расея не толькі пужае НАТО, але і Украіну, а таксама Казахстан і Беларусь.

Міхал Кацэвіч, belsat.eu

 

Стужка навінаў