«Усім членам патрэбная ахова»: Пуцін трапіў на грузінскія прэзерватывы


Грузінская кампанія «Aiisa» выпусціла прэзерватывы з выяваю Уладзіміра Пуціна і надпісам: «Усім членам патрэбная ахова».

Скрыншот з aiisacondoms.com

На выяве кіраўнік Расеі стаіць пад парасонам – адсылка да фіналу чэмпіянату свету па футболе. Нагадаем, што на цырымоніі ўручэння ўзнагародаў прысутнічаў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэзідэнт Харватыі Калінда Грабар-Кітаравіч. Падчас урачыстасці пачаўся дождж, але парасон раскрылі над галавою толькі кіраўніка Расеі.

На адваротным баку прэзерватыва можна знайсці QR-код, які перанакіроўвае на англамоўны артыкул ў «Вікіпедыі» пра расейска-грузінскую вайну.

Раней кампанія выпусціла прэзерватывы з назваю «Put in» і выяваю Пуціна ў пілотцы, а таксама з выяваю паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Іна.

Кампанія выпусціла прэзерватывы з Пуцінам адмыслова да 10 гадавіны пачатку расейска-грузінскай вайны.

8 жніўня 2008 года прэзідэнт Расеі (на той момант Дзмітрый Мядзведзеў) абвясціў аб пачатку аперацыі «па прымусе да міру» на тэрыторыі Паўднёвай Асетыі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў