У Крамлі пракаментавалі словы Лукашэнкі аб варварстве Расеі


Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў патлумачыў словы Аляксандра Лукашэнкі аб варварскіх паводзінах Расеі непазбежнымі складанасцямі двухбаковых адносінах.

«Давайце не забываць, што ў нас Саюзная дзяржава», – нагадаў Пяскоў, адказваючы на ​​просьбу пракаментаваць словы Лукашэнкі пра «варварства Расеі».

Прадстаўнік Крамля падкрэсліў, што «аб’ём адносінаў паміж краінамі такі вялікі, што не можа ажыццяўляцца без няроўнасцей». «У тым ліку для ўрэгулявання няроўнасцей сустракаюцца прэзідэнты», – дадаў Пяскоў.

Прэс-сакратар Пуціна нагадаў, што сустрэча двух лідараў пройдзе ў Сочы. Пасля размовы прэзідэнты Расеі і Беларусі позна ўвечары маюць намер сумесна наведаць нейкае спартовае мерапрыемства, удакладніў Пяскоў.

Нагадаем, 10 жніўня падчас працоўнага візіту ў Гомель Аляксандр Лукашэнка папракнуў Расею ў нядобрасумленнай канкурэнцыі і невыкананні абавязкаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюзу.

«У нас цяпер цяжкі перыяд – расейцы паводзяць сябе па-варварску ў адносінах да нас, публічна пра гэта кажу. Яны ад нас патрабуюць чагосьці, як быццам мы васалы ў іх, а ў рамках ЕАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязкі не жадаюць. Вось яны і ствараюць неканкурэнтную сітуацыю», – заявіў ён.

ІІ, belsat.eu, паводле РБК

Стужка навінаў