Тайская прэса апублікавала здымак Насці Рыбкі ў аўтазаку


У Патаі праходзіць судовы працэс над беларускай, якая стала вядомай пасля скандалу з удзелам расейскага алігарха Алега Дзерыпаскі.

Затрыманыя ў Тайландзе Насця Рыбка (Настасся Вашукевіч), Алекс Леслі (Аляксандр Кірылаў), і яшчэ шасцёра грамадзянаў Расеі і Беларусі не лічыць сябе вінаватымі ў арганізацыі незаконнага «сэкс-трэнінгу», падае «Bangkok Post».

У затрыманых, па іх словах, не было намеру парушыць тайландскага заканадаўства,

«Гэта былі ўсяго толькі трэнінгі па спакушэнню», –заявіў Леслі ў судзе.

Усе астатнія падсудныя, уключаючы Насцю Рыбку, заявілі, што яны былі толькі слухачамі трэнінгу, які быў для іх платным.

Наступнае паседжанне прызначанае на 27 жніўня.

Насця Рыбка з Бабруйску стала шырока вядомай пасля таго як 8 лютага Аляксей Навальны апублікаваў расследаванне аб сувязях алігарха Алега Дзерыпаскі з віцэ-прэм’ерам Сяргеем Прыходзькам. Паводле Навальнага, яны адпачывалі на яхце алігарха ў Нарвегіі разам з супрацоўніцай «індустрыі эскортных паслуг» пад псеўданімам Насця Рыбка. Адпачынак цалкам аплочваў алігарх, што можна лічыць хабарам Сяргею Прыходзьку. На яхце алігарх і віцэ-прэм’ер у тым ліку абмяркоўвалі свае амерыканскія кантакты – пра гэта стала вядома з інстаграму бабруйчанкі.

Беларуска знаходзіцца ў тайскай турме з 26 лютага, калі яе і яшчэ некалькі замежнікаў затрымалі ў Патаі і абвінавацілі ў арганізацыі злачыннай супольнасці, змове для здзяйснення злачынства і прадстаўленні паслугаў сексуальнага характару ў складзе злачыннай групы.

Пасля затрымання Наста Рыбка паспела выкласці ў сваім Інстаграме запіс, дзе звярнулася да СМІ ЗША: яна паабяцала распавесці пра сувязі расейскіх дэпутатаў з кіраўніком перадвыбарчага штабу Трампа Полам Манафортам і самім Доналдам Трампам.

«Я вельмі шмат ведаю. Калі вы знойдзеце мяне ў тайскай турме яшчэ жывою, то я з задавальненнем з вамі пагутару», – казала Рыбка.

Агенты ФБР хацелі пагутарыць з Насцяй Рыбкай у турме, але ўлады Тайланду ім адмовілі.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў