Некаторых фігурантаў «справы медычных функцыянераў» адпусцілі з-пад варты


На волю выйшлі некалькі фігурантаў «справы медычных функцыянераў» – галоўны ўрач Менскай абласной бальніцы Андрэй Каралько, загадчык эндаскапічным аддзяленнем 9-й бальніцы Андрэй Саўчанка і намеснік дырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі.

Да галоўнага лекара Менскай абласной бальніцы Андрэю Каралько людзі ў цывільным прыехалі на працу 20 чэрвеня, правялі ператрус, пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі. Ён выйшаў на волю 3 жніўня. На сайце Менскай абласной бальніцы Андрэй Каралько па-ранейшаму займае пасаду галоўнага лекара.

– Ён у нас цяпер не працуе, выконвае абавязкі галоўнага ўрача Валерый Усніч, – адказалі TUT.BY у прыёмнай.

З-пад варты таксама вызвалены намеснік дырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі.

– Ён цяпер не намеснік дырэктара і не адказвае за адміністрацыйную дзейнасць. З 23 ліпеня ён звычайны дзіцячы лекар-хірург, – паведамілі TUT.BY ў прыёмнай галоўнага лекара РНПЦ дзіцячай хірургіі.

Пасля вызвалення на працу ў 9-ю бальніцу вярнуўся і загадчык эндаскапічным аддзяленнем Андрэй Саўчанка. У бальніцы пацвердзілі, што Андрэй Саўчанка працягвае працаваць.

Нагадаем, 25 чэрвеня Валерый Вакульчык упершыню агучыў некаторыя дэталі «справе медычных функцыянераў». Паводле Вакульчыка, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Ганконгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. «Устаноўлена, што кошт і лекаў, і абсталявання завышалася на 10-60%, у асобных выпадках на 100%», – сказаў старшыня КДБ.

Паводле апошніх афіцыйных дадзеных КДБ, па «справе медычных функцыянераў» затрыманыя, заключаныя пад варту, а таксама ўжытыя іншыя меры стрымання ў дачыненні да 37 службовых асоб. Усяго ў справе больш за 60 фігурантаў. Сярод арыштаваных – намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце.

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.BY

Стужка навінаў