У Гомлі будуюць грамадскія туалеты за $ 750 тыс. Залатых унітазаў там не будзе


Як будуць выглядаць прыбіральні на ўзбярэжжы ракі Сож, пакуль не ведаюць і самі выканаўцы праекту.

Патрэбу збудаваць прыбіральню гомельскія ўлады тлумачылі «павелічэннем турыстычнай плыні і адначасова адсутнасцю грамадскіх прыбіральняў, што павялічвае антрапагенную нагрузку на ахоўную прыродную тэрыторыю Гомельскага палацава-паркавага ансамблю».

Будынак зробяць з маналіту, а пакуль на месцы самага дарагога санвузла ў Беларусі красуецца дзірка і стаіць плот.

Будова грамадскага туалету на ўзбярэжжы ракі Сож

Агулам Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомля замовіла дзве прыбіральні. Адна паўстане ля Кіеўскага спуску, другая – у раёне больніцы хуткай медычнай дапамогі.

Як распавёў belsat.eu выконваючы абавязкі галоўнага інжынера Гомельскага домабудаўнічага камбінату, працы над аб’ектам пачаліся ў чэрвені, праект толькі прайшоў экспертызу.

«Спачатку кіраўніцтва гораду паставіла нам тэрміны да 14 верасня, але гэта нерэальны тэрмін. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва – 6 месяцаў. У нас засталося 4. Сёння завершаныя працы падрыхтоўчага перыяду адной прыбіральні. Пачынаем будаваць. На другую яшчэ няма праектнай дакументацыі», – кажа Уладзімір Лахно.

Праект прыбіральні зацверджаны, пачынаюцца працы па будаўніцтве

Самая дарагая прыбіральня ў Беларусі?

Туалеты ў Гомлі могуць стаць самымі дарагімі санвузламі ў найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі. Паводле icetrade.by, самы дарагі тэндар будаўніцтва прыбіральні дагэтуль каштаваў $ 385 000, аднак яго адмянілі.

Паводле тэндару, грошы выдаткуюць з гарадскога бюджэту. Ні многа, ні мала больш за 1 млн 500 тыс рублёў ($ 750 тыс.). Пазайздросціў бы сам Януковіч.

Праект прадугледжваў пракладку вонкавых сетак каналізацыі. Уладзімір Лахно кажа, што ў працэсе будаўніцтва адмовіліся ад некаторых працаў і будуць зніжаць суму.

«Цяпер дапрацоўваюцца шмат якія рашэнні праекту. Мы адмяняем актыўную гідраізаляцыю. Яна вельмі каштоўная, і мала хто ведае, як яе рабіць. У працэсе будаўніцтва будзе весціся праца па зніжэнню кошту».

Паводле інжынера, на падрыхтоўчы перыяд сышло 501 000 рублёў. За гэтыя грошы паставілі часовы будынак, зрабілі пад’язную дарогу, агарадзілі пляцоўку, умацавалі адхоны.

«У агульны каштарыс уваходзяць і выдаткі заказчыка – аўтарскі і тэхнічны нагляд», – кажа Уладзімір Лахно.

На сам будынак сыдзе больш за 1 млн. рублёў. Залатых унітазаў там дакладна не будзе, запэўнівае інжынер Аляксандр Кашкан з Інстытуту «Гомельграмадзянпраекту».

«Мы выкарыстоўваем пакрыццёвыя матэрыялы айчынных прадпрыемстваў».

Беларуь vs свет

Самы дарагі санвузел у свеце месціцца ў Нарвегіі на вяршыні фіёрду. Будынак мае тэрасу з відам на мора. Каштаваў праект $ 2.58 млн.

Туалет на вяршыні фіёрду ў Нарвегіі

У адной з самых каштоўных лонданскіх прыбіральняў над пісуарамі ёсць гульнявыя экраны.

Гульнявыя пісуары ў Лондане

У Японіі пайшлі яшчэ далей. У тамтэйшых прыбіральнях ёсць сэнсары, якія вымяраюць узровень цукру ў крыві, крывяны ціск і ўтрыманне тлушчу, не патрабуючы ніякіх дадатковых дзеянняў, акрамя мочаспускання.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў