«У рэанімацыі ён яшчэ маргаў вачыма». Што вядома пра смерць дзіцяці пасля прышчэпкі


Пасля прышчэпкі ў Ганцавіцкай больніцы памёр 2-месячны хлопчык Кірыл.

Планавыя прышчэпкі

Трагедыя здарылася 13 жніўня. Брыгада хуткай дапамогі забрала дзіця з фельдшарска-акушэрскага пункту ў вёсцы Вялікія Кругавічы.

Бацька хлопчыка Аляксандр прывёз свайго сына на планавыя прышчэпкі. Якія канкрэтна вакцыны ўкалолі, ён не ведае.

«Прыехалі, лекар яго паслухала, сказала: «Усё добра, давайце прышчэпачкі». Ну давайце. Пасля двух прышчэпак яму стала кепска – ён пабялеў. Тады яму нешта ўкалолі. Магчыма, адрэналін», – адзначыў Аляксандр у каментары Tut.by.

Стан дзіця не палепшыўся, на месца выклікалі хуткую. Кірыла забралі ў раённую больніцу ў Ганцавічы.

«У рэанімацыі ён яшчэ маргаў вачыма. Што было далей – мы не ведаем. У аперацыйную жонку не пусцілі. Яна прасіла: «Пусціце, можа будзе дыхаць».

Выратаваць Кірыла медыкі не змаглі. Аляксандр кажа, што будзе скардзіцца на дзеянні медыкаў.

Спецкамісія Міністэрства аховы здароўя

Па факце смерці дзіцяці Мінаховы здароўя стварыла спецыяльную камісію. У яе ўвайшлі спецыялісты, якія будуць высвятляць акалічнасці смерці хлопчыка.

«Выкарыстанне імунабіялагічных сродкаў серыі, якія былі ўведзеныя дзіцяці, часова прыпынілі. Дакладная прычына гібелі будзе ўсталяваная толькі пасля завяршэння працы дадзенай камісіі», – патлумачылі агенцтву БелТА ў Мінаховы здароўя.

Прышчэпку рабіў медык, які працуе 30 гадоў

У каментары «Ганцавіцкі час» галоўны лекар Ганцавіцкай цэнтральнай раённай больніцы Вадзім Сашко распавёў, што прышчэпку рабіў медпрацаўнік Агарэвіцкай амбулаторыі, які выязджаў для агляду дзяцей і працэдуры ў фельдшарска-акушэрскі пункт (ФАП) у Вялікія Кругавічы.

«Мы самі ўсе ў шоку, што такое адбылося. Прышчэпкі дзецям заўсёды даюць дасведчаныя медработнікі, як таго патрабуюць нормы Міністэрства аховы здароўя. І ў гэты раз прышчэпку дзіцяці даваў медработнік, які прапрацаваў 30 гадоў, і ніколі ніякіх не было нараканняў. Дзіця абсалютна здаровае было… Што здарылася – гэта мусяць ужо ўсталяваць эксперты».

Belsat.eu звязаўся з ФАП у Вялікіх Кругавічах, каб пагаварыць з загадчыцай. Але там сказалі, што жанчына «ужо не працуе». Працаўнікі пункту адмаўляюцца ад каментароў.

Цяпер праводзіцца правяранне, следчыя вынялі медычныя дакументы і прэпараты.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў