З'явіліся фота Алега Сянцова пасля 89 дзён галадавання


Алег Сянцоў у расейскай турме. Фота – афіцыйная старонка расейскай омбудсвуман

Рэжысёр, які сядзіць ужо 89 дзён галадае ў расейскай турме, пагадзіўся на здымкі, бо разумее, што людзі хвалююцца за яго.

Упаўнаважаная па правах чалавека ў Расеі Таццяна Маскалькова паведаміла, што атрымала фатаграфіі Алега Сянцова, зробленыя з ягонай асабістай згоды. Маскалькова перадала здымкі Сянцова ўкраінскай омбудсвуман Людміле Дзянісавай.

«Толькі ад Упаўнаважанай РФ паступілі фота Алега Сянцова. Паводле інфармацыі, якую ёй перадалі, Алег актыўны, ходзіць глядзець тэлевізар, чытае кнігі, піша нешта час ад часу. Усе дзівяцца як ён вытрымлівае, стан яго здавальняючы», – напісала Дзянісава.

На пытанне, ці можна публікаваць здымкі, омбудсвуман атрымала адказ, што Алег даў дазвол на фота, бо разумее, што людзі хвалююцца за яго

Маскалькова распавяла, што атрымала ад Людмілы Дзянісавай фотакопію рукапіснага ліста Алега Сянцова, у якім той тлумачыць сваю адмову ад пераводу ў шпіталь.

«Мне наўрад ці дазволяць перавод у Севастопаль. А калі і дазволяць, то не факт, што там будзе лепш», – гаворыцца, між іншым, у лісце.

Таццяна Маскалькова дадала, што ў бліжэйшы час атрымае самае актуальнае заключэнне аб стане здароўя Сянцова.

Алег Сянцоў галадае ў расейскай турме ўжо тры месяцы

У сераду стрыечная сястра Алега Сянцова атрымала ад яго ліст, у якім ён піша, што канец блізкі – «і гэта не пра вызваленне».

Алег Сянцоў галадае з 14 траўня, патрабуючы вызваліць з расейскіх турмаў украінскіх палітвязняў. Федэральная служба выканання пакаранняў называе яго стан «здавальняючым» і заяўляе, што працягвае «лячэнне, накіраванае на падтрыманне арганізма». Раней пра пагаршэнне яго стану заявіў яго адвакат Зміцер Дынзэ.

Дзеячы культуры, грамадскія арганізацыі і сваякі Алега Сянцова неаднаразова прасілі ў кіраўніка Расеі вызваліць рэжысёра, але Уладзімір Пуцін адмаўляецца гэта рабіць.

Рэжысёра абвінавацілі ў тэрарызме на на тэрыторыі Крыма (падпале офісу «Партыі рэгіёнаў» і планаванні падрыву помніка Леніна) і, не прадставіўшы доказаў віны, асудзілі на 20 гадоў.

ДД

Стужка навінаў