Сёння па «справе БелТА» дапытаюць Паўлюка Быкоўскага і Таццяну Каравянкову


Сядзіба Следчага камітэту. 8 жніўня 2018 года. Фота – Віктар Драчоў/TASS/Forum

Журналістка Вольга Быкоўская паведаміла, што 10 жніўня Следчы камітэт правядзе допыт яе мужа, карэспандэнта «Deutche Welle» ў Беларусі Паўлюка Быкоўскага, які ўсцяж пад вартай. Таццяна Каравянкова ўжо ўдома, але зноў павінная з’явіцца ў следчых.

Пра допыт Паўлюка Быкоўскага ягоны адвакат даведаўся, зрабіўшы восем званкоў.

«Я асабіста будуць чакаць вызвалення пасля яго. Гэта вынікае з папярэдніх дзеянняў СК», – напісала Быкоўская.

Рашэнне аб далейшым лёсе Быкоўскага павінен прыняць следчы або пракурор раёну, дзе затрымалі журналіста.

Вольга Быкоўская таксама дапускае, што Паўлюка могуць выпусціць у суботу, а 15:30, калі скончыцца трохдзённы тэрмін затрымання.

Cледчыя дапытаюць сёння журналістку БелаПАН Таццяну Каравянкову. Яна паведаміла пра гэта радыё «Свабода» пасля вызвалення ў позна ў чацвер.

«Аб 11-й гадзіне я мушу з’явіцца на допыт. Раней я адмаўлялася даваць паказанні, бо кепска пачувалася», — распавяла Каравянкова.

У чацвер увечары Следчы камітэт вызваліў з-пад варты чатырох супрацоўніцаў TUT.BY, затрыманых па «справе БелТА» – Марыну Золатаву, Ганну Калтыгіну, Ганну Ермачонак і Галіну Уласік.

Затрыманай па «справе БелТА» застаецца таксама галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. 9 жніўня яе дапыталі і адвезлі на Акрэсціна.

Вобшукі і затрыманні журналістаў TUT.BY і БелаПАН прайшлі раніцай 7 жніўня. СК распачаў супраць іх крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 349 КК (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, выкананы з асабістай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды). Падставай стала паведамленне агенцтва «БелТА» аб збоях аднаго з ягоных кліентаў падчас доступу да навінаў па платнай падпісцы.

8 жніўня ператрус прайшоў у журналіста Аляксея Жукава і ў сям’і Быкоўскіх. На допыт у СК даставілі таксама траіх журналістаў і галоўнага рэдактара парталу Realt.by Уладзіслава Кулецкага. У той жа дзень следчыя дапыталі таксама заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера.

ДД

Стужка навінаў