Амбасада ЗША ў Беларусі заклікае вызваліць журналістаў, затрыманых па «справе БелТА»


Сайт амбасады ЗША ў Беларусі апублікаваў заяву ў звязку з затрыманнямі і ператрусамі ў офісах TUT.BY і БелаПАН, а таксама ў дамах журналістаў.

«Мы занепакоены арыштамі журналістаў і ператрусамі, праведзенымі уладамі ў офісах некалькіх незалежных выданняў на гэтым тыдні.

Злучаныя Штаты цэняць свабоду прэсы як ключавы складнік падсправаздачнага і дэмакратычнага дзяржаўнага кіравання. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца неад’емнай часткай стабільнай, квітнеючай і больш дэмакратычнай Беларусі. Мы заклікаем беларускія ўлады да выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў па павазе да фундаментальных правоў і свабодаў, у тым ліку да свабоды выказвання і сродкаў масавай інфармацыі.

Злучаныя Штаты працягнуць уважліва сачыць за гэтай сітуацыяй. Мы далучаемся да заклікаў да ўладаў Беларусі неадкладна вызваліць усіх журналістаў і забяспечыць правы грамадзянаў на свабоду слова і свабоду СМI».

Нагадаем, што 7 і 8 жніўня ў офісах TUT.BY, БелаПАН адбыліся ператрусы. СК расследуе крымінальную справу (арт. 349) аб незаконным доступе да платнага кантэнту дзяржаўнага агенцтва БелТА.

7 жніўня былі затрыманыя 10 журналістаў і рэдактараў TUT.BY і БелаПАН: Тацяна Каравянкова, Андрэй Серада, Ганна Калтыгіна, Людміла Чэкіна, Ульяна Бабаед, Марына Золатава, Галіна Уласік, Дзмітрый Бобрык, Ганна Ермачонак, Яўгенія Беразюк. Палову з іх адпусцілі ўвечары.

8 жніўня СК затрымаў 3 журналістаў парталу Realt.by (Ігар Хмара, Марыя Сарока, Алена Маслоўская) і галоўнага рэдактара гэтага выдання Уладзіслава Кулецкага, а таксама рэдактара сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксея Жукава і карэспандэнта «Deutsche Welle» Паўлюка Быкоўскага.

9 жніўня Следчы камітэт затрымаў галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў