У Калінкавічах судзяць журналіста Кастуся Жукоўскага, матэрыялы якога паказаў «Белсат»


У судзе Калінкавіцкага раёну 14 студзеня адбудзецца разгляд справы гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага.

Журналіста-фрылансера абвінавачваюць у незаконным вырабе і распаўсюдзе медыйнай прадукцыі.

Падставай для завядзення справы стаў тэлесюжэт пра збіццё калінкавіцкімі футбольнымі заўзятарамі маладзёна з Жыткавічаў, які выйшаў у эфір тэлеканалу «Белсат».

Пратакол за тое, што Жукоўскі браў у людзей відэакаментары, склаў 28-га снежня супрацоўнік Калінкавіцкага РАУС маёр Уладзімір Паўловіч.

Усяго ў канцы 2015-пачатку 2016 года Жукоўскага выклікалі ў тры пастарункі – Калінкавіцкі, Кармянскі і Веткаўскі. Ва ўсіх выпадках міліцыянты казалі пра складанне пратаколаў.

Жукоўскі з лістапада 2015 года зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, які займаецца стварэннем інфармацыйных матэрыялаў, у тым ліку і відэа. Беларускае заканадаўства і міжнародныя пагадненні, якія падпісала Беларусь, гарантуюць грамадзянам права на збор і распаўсюд інфармацыі. Акрэдытацыя ў вонкавапалітычным ведамстве не патрабуецца, бо Жукоўскі не з’яўляецца штатным супрацоўнікам «Белсату».

Летась Жукоўскі стаў «рэкардсменам» сярод журналістаў-фрылансераў па прысуджаных штрафах – іх сума склала Br 31,5 мільёна. На падставе пратаколаў міліцыі раённыя суды шэсць разоў штрафавалі Жукоўскага за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканалу «Белсат».

13 студзеня па тым жа артыкуле суд пакараў штрафам у 22 базавыя велічыні (Br 4 млн 620 тыс) яшчэ адну гомельскую журналістку – Ларысу Шчыракову.

МЯ, паводле baj.by

Стужка навінаў