Журналіст Deutsche Welle Павел Быкоўскі, да якога раніцай 8 жніўня прыйшлі з ператрусам, правядзе наступныя 3 дні ў ЦІП на Акрэсціна.
Пра гэта стала вядома калегам, у прыватнасці, журналісту «Еўрарадыё» Змітру Лукашуку.
Таксама ў ізалятар на 3 содняў змешчаны рэдактар сайту выдання «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Да яго сёння прыходзілі з ператрусам. Спачатку затрымалі і ягоную жонку Арыну Сёмачкіну, але потым яе адпусцілі.
Жонка Быкоўскага, Вольга, на свабодзе.
Нагадаем, цяпер у ізалятары на Акрэсціна знаходзяцца як мінімум 4 журналісткі, затрыманыя напярэдадні ў межах «справы БелТА».
Ключавыя моманты «справы БелТА» па стане на вечар 8 жніўня:
- 7 жніўня затрыманыя 10 журналістаў і рэдактароў TUT.BY і БелаПАН: Тацяна Каравянкова, Андрэй Серада, Ганна Калтыгіна, Людміла Чэкіна, Ульяна Бабаед, Марына Золатава, Галіна Уласік, Дзмітрый Бобрык, Ганна Ермачонак, Яўгенія Беразюк. Палову з іх адпусцілі ўвечары;
- Затрыманымі застаюцца Тацяна Каравянкова з БелаПАН, Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Ўласік з TUT.BY, як мінімум трое з іх на Акрэсціна;
- Раніцай 8 жніўня стала вядома, што сёння затрыманых не дапытаюць. Допыт перанесены на заўтра. Адвакатаў да іх не пускаюць – навязваюць дзяржаўных абаронцаў;
- 8 жніўня СК затрыманыя 4 працаўнікі парталу Realt.by — журналіст Ігар Хмара, Марыя Сарока, Алена Маслоўская і галоўны рэдактар Уладзіслаў Кулецкі, а таксама рэдактар сайту газэты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў і палітычны аглядальнік Павел Быкоўскі;
- Быкоўскаму і Жукаву далі статус падазраваных, яны застаюцца ў ЦІП на Акрэсціна на 3 дні;
- СК распачаў крымінальную справу паводле арт. 349 КК, журналістаў падазраюць у «незаконным доступе» да платнай падпіскі БелТА;
- БАЖ і праваабаронцы асудзілі пераслед журналістаў і зклікалі неадкладна ўсіх вызваліць;
- МЗС Беларусі не бачыць у гэтай справе палітычнага складніку;
- Еўразвяз выказаў заклапочанасць з нагоды арыштаў.
КА, belsat.eu