Рэжысёр Алег Сянцоў напісаў сястры, што «канец блізкі»


Стрыечная сястра ўкраінскага рэжысёра, які ўжо 87 дзён галадае ў расейскай калоніі, назвала стан брата «катастрафічна кепскім».

«Усё не проста дрэнна, усё катастрафічна дрэнна. Алег мне праз адваката перадаў ліст, ён амаль не ўстае. Напісаў, што канец блізкі, і ён гэта не пра вызваленне. Пытаецца, ці нехта цікавіцца яшчэ ягонай галадоўкай, яму не перадаюць лістоў, ніякіх! Кажа, што ён цяпер у інфармацыйным вакууме і наагул не ведае, што адбываецца», – піша Каплан.

Паводле Наталлі Каплан, Еўрапейскі суд па правах чалавека настойвае аб пераводзе Алега Сянцова ў грамадзянскую лякарню, прычым бліжэй да месца прапіскі, але рэжысёр адмовіўся, бо можа не перанесці транспартыроўку.

«У цывільным шпіталі ў Лабытнангі, куды ён ужо трапляў у рэанімацыю, над ім здзекуюцца яшчэ больш, чым у турэмным», – дадала Каплан.

Алег Сянцоў галадае з 14 траўня, патрабуючы вызваліць з расейскіх турмаў украінскіх палітвязняў. Федэральная служба выканання пакаранняў называе яго стан «здавальняючым» і заяўляе, што працягвае «лячэнне, накіраванае на падтрыманне арганізма». Раней пра пагаршэнне яго стану заявіў яго адвакат Зміцер Дынзэ.

Дзеячы культуры, грамадскія арганізацыі і сваякі Алега Сянцова неаднаразова прасілі ў кіраўніка Расеі вызваліць рэжысёра, але Уладзімір Пуцін адмаўляецца гэта рабіць.

Рэжысёра абвінавацілі ў тэрарызме на на тэрыторыі Крыма (падпале офісу «Партыі рэгіёнаў» і планаванні падрыву помніка Леніна) і, не прадставіўшы доказаў віны, асудзілі на 20 гадоў.

ДД

Стужка навінаў