Распачаўся судовы працэс па «справе прафсаюзаў». Галоўная сведка прызналася, што яна – агент КДБ


У менскім Доме правасуддзя 30 ліпеня Савецкі раёны суд распачаўся разгляд так званай «справы прафсаюзаў». На лаве падсудных – лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар Ігар Комлік. Belsat.eu вядзе жывы блог.

У судзе абвешчаны перапынак да 10-ай гадзіны 31 ліпеня.

16.33. Сведка Юлія Юхнавец прызналася, што з 2015 году супрацоўнічала з КДБ «у якасці агента» і атрымлівала за гэта ўзнагароджанні.

Свидетель Юхновец (бывший секретарь профсоюза РЭП) прямо в суде призналась в сотрудничестве с КГБ в качестве агента,…

Opublikowany przez Andreja Stryzhaka Poniedziałek, 30 lipca 2018

15.54. У судзе дапыталі сведку Юлію Юхнавец – з 2013 па 2015 год яна была сакратаркаю прафсаюзу.

Юхнавец распавяла, што падчас сваёй працы неаднаразова выязджала ў Вільню, каб прывезці ў Беларусь наяўныя грошы. «Выязджала ў Вільню разоў дзесяць. Туды ехала проста, а назад з грашовымі сродкамі», – кажа яна. Паводле Юхнавец, грошы на дзейнасць прафсаюзу яна атрымлівала ад Фядыніча або Комліка, прыкладна па 5000 еўра за адзін раз.

«У Вільні мы прыходзілі у банк, там да нас далучаўся чалавек па імені Канстанцін. Комлік або Фядыніч з ім размаўлялі, а пасля гэтай размовы ў Фядыніча або Комліка з’яўляліся грошы», – кажа яна.

Грошы праз мяжу яна правозіла ў торбе, а ў Беларусі яна зноў перадавала наяўныя Комліку або Фядынічу.

Судовы працэс па «справе прафсаюзаў». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Адвакатка Мацкевіч заявіла пратэст супраць допыту сведкі, бо падзеі, якія апісвае Юлія Юхнавец, не тычацца перыяду абвінавачвання.

15.05. Суд просьбу адвакатаў не задаволіў. Працэс працягваецца.

14.40. Адвакаты заявілі хадатайніцтва аб прадстаўленні большай залі і аб тым, каб выкарыстоўваліся мікрафоны падчас судовых дзеянняў. Суд абвесціў перапынак на 15 хвілінаў.

12.35. «Гэта сфабрыкаваная і палітычна матываваная справа. Нават само абвінавачванне адзначае, што я знаходзіўся ў Беларусі і пры гэтым забяспечваў перамяшчэнне наяўных грошаў з Літвы. Якім чынам, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі, я мог гэта зрабіць? Гэта чыстая фікцыя. Для такой справы патрэбная доказная база, а яе тут няма. Улады хочуць знішчыць прафсаюз РЭП, вось у чым справа», – заявіў belsat.eu Генадзь Фядыніч у перапынку.

Генадзь Фядыніч. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Ігар Комлік заявіў, што прафсаюз РЭП – гэта «бяльмо ў воку ўлады».

Ігар Комлік. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

«Па вялікім рахунку, гэты працэс – гэта тэатр. Магчыма, ужо ўсё вызначана і ад таго, што мы будзем рабіць нічога не залежыць», – адзначыў ён.

12.20. У судзе абвешчаны перапынак да 14.30.

12.10. Пракурор заявіў, што са студзеня 2011 па сакавік 2012 года Фядыніч і Комлік, «дзейнічаючы групай асобаў па папярэдняй змове», адкрылі рахунак у літоўскім банку і здымалі наяўныя ад нерэзідэнтаў Беларусі – усяго больш чым на 952 млн. рублёў. Падатковую справаздачнасць яны пры гэтым не далі, даход не зарэгістравалі. Такім чынам, лічыць бок абвінавачвання, Фядыніч і Комлік ухіліліся ад выплаты падаткаў больш як на 22 тыс. рублёў – гэта значыць, у асабліва буйным памеры.

Судовы працэс па «справе прафсаюзаў». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Фядыніч і Комлік сваю віну не прызнаюць.

«Я не забяспечваў ні атрыманне, ні перамяшчэнне наяўных. РЭП не атрымліваў прыбытак, таму абвінавачванне некарэктнае», – заявіў Фядыніч.

«Абвінавачванне выдуманае, міфічнае», – заявіў Комлік.

11.50. Фядыніч папрасіў суд праводзіць паседжанне ў больш вялікай залі, хаця б на 70 асобаў (зараз працэс ідзе ў залі прыкладна на 50 асобаў). Суддзя хадатайніцтва не задаволіла.

На судзе. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Комлік звярнуўся да суддзі:

«Вы толькі вінцік сістэмы ў неправавой дзяржаве».

11.40. Судовы працэс распачаўся. Суддзя Фёдарава адразу забараніла фота- і відэаздымку. Фядыніча і Комліка абараняюць адвакаты Наталля Мацкевіч і Людміла Казак.

Не ўсе жадаючыя трапілі ў залю суду, яны працягваюць абураюцца.

Тыя, хто не трапіў у залю суду

11.27. Падтрымаць Фядыніча і Комліка прыйшлі дзясяткі людзей – палітыкаў, актывістаў і грамадскіх дзеячаў. Сярод іх – першы кіраўнік незалежнай Беларусі, былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. У залю суду прапускаюць праз 2 рамкі металадэтэктару, людзі стаяць у чарзе.

Станіслаў Шушкевіч каля Дома правасуддзя. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Фядыніч і Комлік прыйшлі на працэс у вышыванках.

Дом правасуддзя перад пачаткам суду. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

***

Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінавацяць ва «ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – да 7 гадоў пазбаўлення волі. Следчыя абвінавачваюць прафсаюзных дзеячаў у тым, што яны мелі рахунак у Літве і ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 000 еўра. Паводле разліку КДК, сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867,1 рубля.

Беларускія праваахоўнікі зладзілі ператрус у сядзібе РЭП 2 жніўня 2017 году. Сканфіскавалі большую частку камп’ютараў, жорсткіх дыскаў, шукалі дакументы. Комліка і Фядыніча затрымалі, у іх дамах таксама адбыліся ператрусы. Лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе на наступны дзень, а Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай да 2 кастрычніка 2017 году.

Следства па справе доўжылася амаль год. За гэты час былі дапытаныя больш за 800 сябраў незалежнага прафсаюзу РЭП. Крымінальная справа налічвае 11 тамоў.

Праваабаронцы і грамадзянская супольнасць Беларусі лічыць пераслед Фядыніча і Комліка палітычна матываваным. Лідар прафсаюзу РЭП звязвае крымінальную справу выключна з «помстай уладаў за актыўную грамадскую дзейнасць».

Праваабаронцы і журналісты адзначаюць, што «справа прафсаюзаў» вельмі падобная на справу, якую распачалі ў 2011 годзе ў дачыненні да старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага. Тады Бяляцкага прысудзілі да 4,5 гадоў калоніі, а міжнародная супольнасць прызнала яго палітвязнем.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў