Абаронцы Курапатаў гатовыя размаўляць з уласнікам «Паедзім, паядзім». Але толькі пасля закрыцця рэстарацыі


Прадстаўнікі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці падчас круглага стала па абароне Курапатаў прынялі рэзалюцыю, у якой вызначылі ўмовы для магчымага дыялогу з уласнікамі рэстарацыі «Паедзім, паядзім» і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў.

Удзельнікі круглага стала лічаць, што дыялог магчыма весці толькі пасля таго, як праца рэстарацыі будзе спыненая, а за кратамі не будуць знаходзіцца абаронцы Курапатаў.

«Мы асуджаем бальшавізм, нацызм і антысемітызм, патрабуем публічнага, на дзяржаўным узроўні, асуджэння гэтых злачынных ідэалогіяў, і настойваем на шырокім грамадскім абмеркаванні ў справе далейшай мемарыялізацыі Курапатаў», – таксама адзначаецца ў дакуменце.

РЭЗАЛЮЦЫЯ КРУГЛАГА СТАЛА Ў СПРАВЕ АБАРОНЫ КУРАПАТАЎ1.Мы гатовыя размаўляць з уласьнікамі "Поедем, поедим" і…

Opublikowany przez Павел Севярынец Czwartek, 12 lipca 2018

Раней паведамлялася, што 22 чэрвеня ўладальнік рэстарана ў Курапатах Леанід Зайдэс неафіцыйна сустрэўся з лідарам Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым і амерыканскім адвакатам Юрасём Зянковічам і нібыта прапанаваў тры шляхі вырашэння цяперашняй сітуацыі вакол Курапат:

  • уладальнік гатовы прадаць комплекс цалкам па балансавым кошце прадстаўніку грамадства, які выкарыстае забудову ў іншых мэтах;
  • уладальнік гатовы ўкласці сто тысяч долараў у мемарыял Курапаты і змяніць фармат сваёй установы – з забаўляльнага на сямейны;
  • уладальнік гатовы прадставіць адзін з будынкаў комплексу для стварэння ў ім музея «Курапаты», перадаць грамадскай і палітычнай арганізацыі на баланс гэтае памяшканне.

Нагадаем, ужо больш за месяц у Курапатах адбываюцца пратэсты супраць рэстарацыі «Поедем, поедим», што месціцца ў 50 метрах ад урочышча Курапаты ў комплексе будынкаў так званага «Бульбаш-холу». На ўдзельнікаў абароны Курапатаў за гэты час складзены дзясяткі адміністратыўных пратаколаў. Шэраг актывістаў былі затрыманыя і прысуджаны да адміністратыўных арыштаў.

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 100 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў