СМІ: КДБ затрымаў Сяргея Шакуціна


Разам з медычнымі функцыянерамі і лекарамі КДБ затрымаў групу бізнесоўцаў, якія займаліся пастаўкамі лекаў і медычнай тэхнікі. Сярод іх і дырэктар кампаніі «Искамед» Сяргей Шакуцін.

«Бізнэсоўцаў падазраюць у дачы хабару чыноўнікам», – паведамляюць крыніцы TUT.by.

Сяргей Шакуцін – малодшы брат старшыні савета дырэктараў «Амкадор-кіруючая кампанія холдынгу», алігарха Аляксандра Шакуціна.

Сяргей Шакуцін займае 113 месца ў рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі па версіі «Ежедневника». Яго «Іскамед» – адно з найбуйнейшых прыватных прадпрыемстваў на фармацэўтычным рынку Беларусі. Сетка аптэк «Іскамед» складаецца з 84 гандлёвых кропак у розных рэгіёнах краіны.

Аляксандр Шакуцін займае 15-е месца ў рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесменаў Беларусі. Экс-дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, уваходзіць у Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры Аляксандру Лукашэнку. Акрамя «Амкадора» мае актывы ў АПК, нафтавым і турыстычнам бізнесе.

Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Сямашка і Аляксандр Шакуцін (справа), 2016 год. Фота – president.gov.by

Нагадаем, 25 чэрвеня Валерый Вакульчык раскрыў некаторыя дэталі маштабнай спецаперацыі для выкрыцця карупцыйнай схемы, звязанай з купляю медычнага абсталявання. У справе фігуруе больш за 50 чалавек, у тым ліку 33 чыноўніка. Сярод арыштаваных – дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце

Паводле Вакульчыка, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Ганконгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР.

«Устаноўлена, што кошт і лекаў, і абсталявання завышалася на 10-60%, у асобных выпадках на 100%», – сказаў старшыня КДБ.

9 ліпеня СМІ сталі вядомыя новыя імёны арыштаваных па скандальнай «справе медычных функцыянераў». Сярод іх – намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі і дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі. Іх арышт, як і арышт Шакуціна, праваахоўныя органы афіцыйна пакуль не пацвердзілі.

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў