Брытанка, якая атруцілася «Навічком», памерла


44-гадовая Дон Стэрджэс, якая была шпіталізаваная 30 чэрвеня ў горадзе Эймсберы непадалёк ад Солсберы пасля атручвання нервова-паралітычным рэчывам «Навічок», памерла. Паліцыя Вялікай Брытаніі распачала справу аб забойстве.

Сябар памерлай, 45-гадовы Чарлі Роўлі, які таксама атрымаў дозу рэчыва, знаходзіцца ў крытычным стане, піша bbc.com

Чарлі Роўлі і Дон Стэрджэс патрапілі ў шпіталь 30 чэрвеня. Маючы на ​​ўвазе іхны лад жыцця, першапачаткова лекары меркавалі, што ў абодвух перадазіроўка гераіну або какаіну.

Пазней эксперты, якія даследавалі аналізы пацярпелых, прыйшлі да высновы, што мужчына і жанчына падвергліся ўздзеянню рэчыва той жа групы, як і «Навічок», якім атруцілі Скрыпалей.

Вядома, што напярэдадні атручвання Роўлі і Стэрджэс пабывалі ў Солсберы, дзе хадзілі па крамах. Паводле словаў знаёмых, яны маглі падабраць недакурак ля сметніцы і праз яго атруціцца.

У сакавіку гэтага года ў Солсберы «Навічком» атруцілі экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію, якія выжылі і былі выпісаныя з мясцовай лякарні. Вялікабрытанія абвінаваціла Расею ў арганізацыі замаху на Скрыпалей. Расея адмаўляе сваю віну.

Рэакцыя палітыкаў

«Мяне абурыла і ўзрушыла смерць Дон Стэрджэс. Накіроўваю яе сям’і і блізкім мае спачуванні. Паліцыя і супрацоўнікі органаў бяспекі працуюць над тэрміновым усталяваннем фактаў па дадзеным інцыдэнце, які цяпер расследуецца як забойства», – заявіла прэмʼер-міністр Тэрэза Мэй.

Брытанскі дыпламат Джуліян Кінг, член Еўракамісіі ад Вялікабрытаніі, які адказвае за бяспеку ЕЗ заявіў:

«Людзі, якія стаяць за гэтым – забойцы».

МУС Брытаніі ўжо заклікала Расею патлумачыць новае атручванне «Навічком».

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў