Пракуратура возьмецца за «Белэнерга». Прычына – расследаванне «Белсату»


«Для правядзення праверкі ў арганізацыях канцэрну «Белэнерга» па фактах, выкладзеных у журналісцкім расследаванні тэлеканалу «Белсат». Ліст з такім адказам прыйшоў дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Ганне Канапацкай.

Адказ пракуратуры

Пасля выхаду ў эфір расследавання «Белсату» Ганна Канапацкая напісала зварот у пракуратуру, каб там правялі праверку і прынялі меры пракурорскага рэагавання для ліквідацыі парушэнняў і злоўжыванняў з боку службовых асобаў.

Напрыканцы траўня ў сюжэце праграмы «Давайце разбірацца» выйшла расследаванне пра дзейнасць «Белэнерга». У ім былі раскрытыя схемы па выпампоўванні грошаў з бюджэту.

Цікава, што сёння нашага калегу Станіслава Івашкевіча, які выкрыў карупцыйныя схемы ў «Белэнерга», судзілі ў Менску за гэтае расследаванне. Яго вінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі медыяў.

«Расследаванне выявіла, што абслугоўванне некаторых галінаў энергетыкі – манапалізаванае шэрагам прыватных кампаніяў. На падставе дакументаў і сведчанняў відавочцаў мы паказалі, што «Белэнерга» маніпулюе тэндары на карысць гэтых прыватнікаў, пераплачвае ім у разы, у параўнанні з рынкавымі коштамі на аналагічныя працы і пакрывае масавае забруджванне імі навакольнага асяроддзя.

Гэтак, на Рагачоўскай кацельнай адзін з прыватных манапалістаў «Белэнерга» – кампанія «Белкацёлачыстка», атрымала падрад на ўтылізацыю больш як сотні тон мазутных адкладанняў. Работа была аддадзеная па цане, якая ў чатыры разы перавышае рынкавую. Але, замест таго, каб утылізаваць нафтапрадукты, фірма, пад прыкрыццём кіраўніцтва кацельнай, закапала атрутныя адкіды ў зямлю, непадалёку ад Дняпра. «Белкацёлачыстка» звязаная сваяцкімі сувязямі з кіраўніцтвам некаторых падраздзелаў «Белэнерга» і, штогод, атрымлівае ад канцэрна падрады на мільёны долараў.

У выніку такіх практыкаў, істотна завышаецца кошт абслугоўвання энергетыкі, што выліваецца ў вышэйшыя тарыфы на цяпло і электрычнасць для прадпрыемстваў ды насельніцтва», – кажа Стась Івашкевіч.

«Я спадзяюся, што пракуратура ўчыніць захады па ліквідацыі гэтых схемаў, якія каштуюць падаткаплатнікам мільёны долараў на год. Адваротны вынік будзе сведчыць пра тое, што гэтыя схемы пакрываюць найвышэйшыя ўлады», – адзначае аўтар расследавання.

Нагадаем, што яшчэ летась пасля нашых публікацыяў аб безгаспадарлівасці і кумаўстве ў дзяржаўным канцэрне «Белэнерга» свае пасады страцілі міністр энергетыкі, дырэктар «Белэнерга» і шэраг ніжэйшых функцыянераў гэтага ведамства.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў