Побач з «рэстаранам на костках» ставяць крыжы. Дашкевічу дапамагаюць ягоныя дзеці


Гэта другая спроба лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча усталяваць новыя 6-метровыя крыжы ва ўрочышчы.

Апроч актывістаў, у Курапатах цяпер знаходзяцца працаўнікі лясгасу, якія мяркуюць, што дзеянні абаронцаў урочышча незаконныя. Прадстаўнікі лясгасу выклікалі міліцыю.

Жонка Змітра, Наста Дашкевіч вяла трансляцыю з Facebook-акаўнту свайго мужа.



Нагадаем, што 29 чэрвеня ў цэх фірмы Змітра Дашкевіча «Цесляры» прыйшлі працаўнікі Аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ). Напярэдадні праваахоўнікі канфіскавалі крыжы, якія актывіст прывёз у Курапаты.

Гэтым разам Зміцер Дашкевіч прывёз у Курапаты не гатовыя крыжы, а толькі драўляны брус. Крыжы будуць робяцца на месцы. Актывіст папрасіў усіх, хто мае пару гадзінаў прыехаць у Курапаты, каб дапамагчы з усталяваннем крыжоў.

Новыя крыжы будуць усталяваныя замест старых струхнелых.

7 чэрвеня лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч прапанаваў выставіць каля «Поедем, поедим» варту з грамадскіх актывістаў, якія будуць распавядаць патэнцыйным наведнікам пра месца, дзе яны збіраюцца паесці.

Рэстаран месціцца ў 50 метрах ад урочышча Курапаты ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Неўзабаве там збіраюцца адчыніць лазню. Аб’ект належыць кампаніі «Белновотекс груп» (раней належаў «БелРестИнвест»).

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там былі расстраляныя ад 30 да 250 тысяч чалавек.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў