У Расеі – пратэсты супраць пенсійнай рэформы


На Далёкім Усходзе Расеі 1 ліпеня прайшлі мітынгі супраць павышэння пенсійнага ўзросту, арганізаваныя прыхільнікамі апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага.

Акцыі ў Камсамольску-на-Амуры і Хабараўску былі санкцыянаваныя.

Ва Уладзівастоку мэрыя адмовілася ўзгадніць мітынг, аднак мясцовыя жыхары ўсё роўна правялі шэсце ад прывакзальнай плошчы да будынку Пенсійнага фонду, піша «Медуза». Пра затрыманні падчас акцый не паведамлялася.

https://vk.com/wall-144290256_7436

Зараз мітынг супраць пенсійнай рэформы праходзіць у Омску.

Усяго 1 ліпеня мітынгі супраць павышэння пенсійнага ўзросту запланаваны ў дзясятках гарадоў Расеі. У 31 горадзе ўзгодненыя акцыі пратэсту правядуць прыхільнікі Навальнага; таксама мітынгі арганізавалі прапуцінскія партыі ЛДПР, КПРФ ды іншыя. Прафсаюзы пачалі праводзіць акцыі супраць пенсійнай рэформы з 22 чэрвеня.

Нагадаем, у чэрвені расейскі ўрад прапанаваў павялічыць пенсійны ўзрост з 60 да 65 гадоў для мужчын і з з 55 да 63 гадоў для жанчын. Інфармацыя аб пенсійнай рэформе выклікала незадаволенасць не толькі пазасістэмнай апазіцыі і прафсаюзаў, але і прапуцінскіх партыяў. Расейскія сацыёлагі зафіксавалі істотнае падзенне рэйтынгаў Уладзіміра Пуціна і расейскага ўраду. Паводле Фонду «Грамадская думка», рэйтынг Пуціна знізіўся з 62% да 54% і цяпер знаходзіцца на самым нізкім узроўні з 2013 года. Узровень адабрэння працы ўраду дасягнуў самага нізкага ўзроўню наогул з 2009 года – амаль палова расейцаў лічыць працу ўраду Дзмітрыя Мядзведзева кепскай.

Нагадаем, у Беларусі са студзеня 2017 года пачалося паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту. Кожны год неабходны ўзрост будзе павышацца на паўгода. У выніку, у 2022 годзе мужчыны будуць выходзіць на пенсію ў 63 гады, жанчыны – у 58 (на дадзены момант гэта 61 і 56 гадоў адпаведна).

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў