Польская дэлегацыя ўсклала кветкі ў Курапатах. У гэты час там праходзіла акцыя абаронцаў


Замежныя госці, якія прыбылі ў Беларусі з нагоды адкрыцця мемарыялу ў Трасцянцы, сёння наведалі і Курапаты. У гэты час там ладзілі акцыю абаронцы Курапатаў.

Праз затрыманне Змітра Дашкевіча, які збіраўся ўсталяваць у Курапатах вялікія крыжы, Павел Севярынец з паплечнікамі змянілі фармат акцыі. Каля дзясятку ўдзельнікаў расклеілі на плоце растарану «Паедзем, паядзім» плакаты, улёткі і пратаколы, складзеныя на іх за час абароны.

«Мы сабралі ўсе пратаколы, якія ў будучыні пагражаюць затрыманнямі, штрафамі, канфіскацыяй маёмасці за тое, што мы месяц стаялі ў Курапатах, і расклеім іх побач з плакатамі. Гэта пакаранне за тое, што мы адстойвалі нацыянальныя каштоўнасці», – распавяла Вольга Мікалайчык.

Потым актывісты пакінулі адбіткі рук, пафарбаваўшы іх у чырвоны колер.

Польская дэлегацыя – адзіныя замежнікі, хто наведаў сёння Курапаты

Прыкладна аб 11-й гадзіне ва ўрочышча прыехаў аўтамабіль з польскім сцягам – гэта дэлегацыя на чале з дзяржсакратаром канцылярыі прэзідэнта Польшчы Кшыштафам Шчэрскім.

Частка актывістаў засталася каля рэстарану, а частка рушыла да крыжа памяці расстраляных палякаў. Дэлегацыя ўсклала кветкі да крыжа. Ад каментароў замежныя госці адмовіліся, акцыю абаронцаў Курапатаў таксама вырашылі не наведваць.

Напярэдадні Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі заявіў журналістам у Менску:

«Надзвычай важна памятаць пра злачынствы, якія звязаны не толькі з нацысцкім рэжымам, але і са злачынствамі, масавымі забойствамі з боку НКВД. І тут ёсць надзвычай важнае месца – Курапаты. Для нас гэта таксама месца вельмі сімвалічнае, паколькі, па многіх звестках, там пахавана вялікая колькасць палякаў », падкрэсліў дыпламат.

Адметна, што мемарыял у Курапатах наведала толькі дэлегацыя з Польшчы, прадстаўнікі ад іншых краін папрысутнічалі толькі на ўрачыстасцях у Трасцянцы.

Раней прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адмовіўся ад візіту ў Беларусь.

Сёння а 12-й гадзіне ва ўрочышчы Благаўшчына прайшло адкрыццё мемарыялу хвяраў нацызму. Цырымонію наведаў Аляксандр Лукашэнка, а таксама цяперашні і былы прэзідэнты Аўстрыі Аляксандр ван дэр Бэлен і Хайнц Фішэр, прэзідэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер, намеснік старшыні Палаты дэпутатаў парламенту Чэхіі Войтэх Філіп і прадстаўнік ад Сусветнага габрэйскага кангрэсу Марам Штэрн.

***

Абаронцы Курапатаў ужо звярталіся з адкрытым лістом да прэзідэнтаў Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы ды Ізраілю . Яго падпісалі нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, паэты Уладзімір Някляеў і Алесь Пашкевіч ды іншыя палітычныя і грамадскія дзеячы.

belsat.eu

Стужка навінаў