Абаронцы Курапатаў прапануюць знесці «Поедем поедим» бульдозерамі


Абаронцы Курапатаў на нарадзе 25 чэрвеня склалі зварот да ўладальнікаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Поедем-поедим». Актывісты лічаць, што бізнесоўцам неабходна прызнаць аб’ект незаконна пабудаваным і ліквідаваць яго.

Аўтары звароту прапануюць прадпрымальнікам прафінансаваць распрацоўку новага праекту зон аховы Курапатаў, павялічыўшы яе да тэрыторыі запраўкі.

«Можаце далучыць тых жа спецыялістаў, якіх вы наймалі для незаконнага памяншэння зон аховы раней», – заяўляюць актывісты.

Паводле абаронцаў Курапатаў, комплекс павінен быць перанесены на іншую, але законную пляцоўку, або быць зруйнаваны бульдозерамі. У любым выпадку ліквідацыя абʼекту мае адбыцца за кошт забудоўніка, падкрэсліваюць актывісты.

З пачатку чэрвеня ў Курапатах пад лозунгам «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарацыі. Сваю пазіцыю абаронцы Курапатаў акрэсліваюць адназначна: рэстарацыя павінная перастаць працаваць.

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек.

ДД

Стужка навінаў