Святлана Алексіевіч прэзентавала «Галасы утопіі» па-беларуску


У Менску адбылася прэзентацыя пяцітомніку Святланы Алексіевіч «Галасы утопіі» у перакладзе на беларускую мову. У збор твораў увайшлі найбольш вядомыя кнігі Алексіевіч – «У вайны не жаночы твар», «Чарнобыльская малітва», «Апошнія сведкі», «Час сэканд-хэнд», «Цынкавыя хлопчыкі».

Сродкі на праект сабралі праз краўдфандынг-пллатформу Ulej.by, а выданне стала магчымым дзякуючы генеральнаму спонсару – «Белгазпромбанку» і выдавецтву «Логвінаў».

На прэзентацыі ў менскай культурніцкай прасторы ОК16 сабраліся некалькі сотняў гасцей. Пасля прамовы партнёраў праекту, слова ўзялі перакладчыкі, сярод якіх выбітныя сучасныя празаікі, паэты, рэдактары – Уладзімір Арлоў, Андрэй Хадановіч ды іншыя.

Пасля на сцэне з’явілася і сама Нобэлеўская лаўрэатка. Ранейшыя спробы перакладу сваіх твораў на беларускую мову аўтарка назвала «няўдалымі», але праект, які прэзентавалі сёння, паводле яе словаў, «проста бліскучы».

«Спачатку ў перакладчыкаў быў, магчыма, нейкі недавер, няўпэўненасць, бо аб маім жанры заўжды шмат спрэчак… А потым бачна, як гэтая магутная народная стыхія захоплівае – людзі пачынаюць вельмі цікава працаваць са словам. Я б хацела, каб мае кнігі былі тут, былі ў школах. Канешне, вельмі прыемна бачыць свет, але заўжды застаецца гэтае сумнае адчуванне, што дома цябе як бы няма, няма ніякіх рэчавых доказаў, што ты ёсць. Калі ж я даведалася, якую суму сабралі на праект, то падумала: значыць, мы ўсё ж ёсць, душа нашая не зусім расчараваная», – сказала Святлана Алексіевіч.

Адметна, што яшчэ да завяршэння краўдфандынгу, удалося сабраць 580% сумы – замест неабходных 40 тысяч рублёў атрымалася 231 950. Такім чынам, «Галасы ўтопіі» упершыню загучалі без цэнзарскіх правак і па-беларуску.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў