Сябар Быкава: Васіль вельмі жорстка мысліў. Казаў, што цягнік беларускасці пайшоў


Пра жыццё Быкава ў Горадні ўзгадваем разам з ягоным даўнім сябрам, прафесарам і літаратуразнаўцам Аляксеем Пяткевічам.

19 чэрвеня – дзень, калі нарадзіўся Быкаў. Праз некалькі дзён – чарговая угодкі смерці. У лепшы свет Васіль Быкаў адышоў 22 чэрвеня 15 гадоў таму. Адышоў у статусе аднаго з самых знакамітых пісьменнікаў Беларусі. Ягоныя кнігі перакладзены на 40 моваў, апавяданні ведае кожны школьнік. Аднак не кожны гарадзенскі школьнік здагадваецца, што жыве ў горадзе, дзе Быкаў пражыў вялікі кавалак жыцця, працаваў і пісаў свае лепшыя творы.

Васіль Быкаў (другі злева) у рэдакцыі “Гродзенскай праўды”. Фота 1948 года.

Да нас у рукі трапіў здымак з архіву журналіста Алеся Кіркевіча, на фота Васіль Быкаў стаіць разам з яго дзедам (таксама Алесем Кіркевічам) і рэдактарам газеты «Гродзенская праўда» Салаўёвым у адным з пакояў рэдакцыі. Здымак 1948 года, падпісаны рукой Быкава, але ўжо ў пазнейшыя гады. На фота Быкаў і дзед Алеся стаяць у вайсковых фрэнчах. Мужчыны толькі вярнуліся з войска. Гэта адзін з першых здымкаў пісьменніка, зроблены ў Горадні.

Васіль Быкаў прыехаў сюды яшчэ ў 1947 годзе. Спрабаваў займацца мастацтвам, аднак пасля таго як распачаў працу ў газеце, усё ж такі пераключыўся на літаратуру. Яму было, што сказаць. Вайна пакінула моцны адбітак на светапоглядзе пісьменніка, які прайшоў яе цалкам. У 1949 г. у газеце «Гродзенская праўда» публікуецца адзін з першых твораў Быкава «У першым баі». У тым жа годзе Быкава забіраюць служыць у войска на Курылы, пасля чаго ён вяртаецца ў Горадню толькі ў 1956-м годзе, але на цэлых 20 гадоў.

Васіль Быкаў у Горадні, фота на вул. Ажэшкі

«Тут ён працаваў літкансультантам. У газеце «Гродзенская праўда» у асноўным. Работа там – «не бі ляжачага». Трэба было адбіраць вершы для літаратурнай старонкі, якая выходзіла раз у месяц», – узгадвае Аляксей Пяткевіч, літаратуразнаўца і былы прафесар Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту, які пазнаёміўся з Быкавым, арганізоўваючы яго сустрэчу са студэнтамі. З таго часу завязаліся адносіны на многія гады.

З Аляксеем Міхайлавічам мы сустрэліся ў ягонай кватэры, дзе кожная паліца ломіцца пад вагаю кніжак. Сярод іх некалькі аўтарства Васіля Быкава. Адразу цікаўлюся, ці мае прафесар агульныя здымкі з пісьменнікам.

«Быкаў не любіў фатаграфавацца, яго можна было на здымач толькі цішком злавіць, – тлумачыць спадар Аляксей, – Увогуле гэта быў вельмі сціплы і не публічны чалавек».

«Паколькі адукацыі не меў, ён увесь час чытаў»

Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, беларускі літаратуразнавец, які сябраваў з Васілём Быкавым. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«З аднаго боку, ён быў звычайным чалавекам, як і ўсе. Любіў таварыства сваіх духоўна блізкіх людзей. Мы з ім ездзілі ў Друскенікі, там адпачывалі ці лячыліся. Прыязджалі Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Рыгор Бярозкін ды іншыя. Ён браў таксі, яно каштавала тады не дорага, і мы ўдваіх ездзілі. Збіраліся, размаўлялі, пра літаратуру, пра тое, як жылося тады ў савецкі час пісьменніку. Увогуле ён быў чалавекам надта занятым. Паколькі шмат друкаваўся, вечна быў у дарозе: Менск і Масква – асноўныя напрамкі. Але пры гэтым увесь час чытаў. Заўсёды кніжка ў руках была. Паколькі адукацыі ён не меў, то стараўся быць у курсе ўсяго, пра што гаварылі, пра што пісалі, што выклікала спрэчкі», – распавядае Аляксей Міхайлавіч.

Спадар Аляксей узгадвае, што любімым заняткам Быкава, калі зрэдку выпадаў вольны час, было сесці на маторную лодку і плыць кудысьці далёка па Нёмне.

Няпростыя сямейныя адносіны

Васіль Быкаў у Горадні

«Мы збіраліся досыць часта. Найбольш у Дануты Бічэль на кватэры. Вельмі рэдка з жонкамі. Дарэчы жонка Быкава не любіла з ім хадзіць. І ўвогуле быць побач з ім. Проста, яна заўсёды за спіной яго была. Ва ўсіх адносінах. І ў літаральным сэнсе, і ўмоўна. І таму, калі ён яе кінуў і выехаў у Менск з Ірынай Міхайлаўнай, гэта было як гром сярод яснага неба для ўсіх нас», – кажа спадар Аляксей.

Вы не здагадваліся пра яго адносіны з іншай жанчынай? – асцярожна пытаюся.

«Ніякіх адносінаў не было. Калі і былі, то такія, што ніхто пра гэта не знаў. Гэта быў для нас удар. Ва ўсялякім разе для мяне і Дануты Бічэль. Я абураўся. Разумееце, нельга было стрымацца. Быкаў – найсумленнейшы чалавек. А жонка яго для нас была проста ідэалам. Яна працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. На ёй трымаўся дом. Яна была вельмі інтэлігентная, спакойная, не гаварлівая, не навязлівая, тактоўная. І раптам такое. Для яе самой гэта быў удар і яна адразу захварэла на анкалогію. Так што не ўсё, канешне, было відаць».

З першай жонкай Надзеяй Андрэеўнай Быкаў жыў да 1978 г. пакуль не з’ехаў у Менск. З ёй пісьменнік меў двух сыноў, адзін з каторых стаў вайскоўцам, а другі – лекарам. Адзін з сыноў, а таксама ўнук жывуць дагэтуль у Горадні.

«Калі я расказаў, што КДБ намаўляў мяне пісаць даносы на яго, Быкаў моцна разрагатаўся»

Канец 1960-х, пачатак 1970-х гадоў быў перыядам сталага ціску і сачэннем структураў КДБ за пісьменнікам. Пачалося гэта пасля таго, як блізкага сябра Быкава, гісторыка Барыса Клейна абвінавацілі ў сіянізме і выгналі з працы.

«Калі Клейн паляцеў з работы, яго выгналі з партыі, Быкаў мне пазваніў і сказаў, што трэба сустрэцца. Яго гэта вельмі ўразіла. Самае большае, што ён павінен быў гэта прызнаць. Запісвалі яго размовы ў парку, у хаце, у рэстаране, скрозь. Настолькі выдатна працавалі службы. Ён пастаянна быў пад прыцэлам. Мы доўга хадзілі па горадзе і ён усё здзіўляўся, як так? Канешне за ім сачылі. За ўсімі сачылі. Дый сёння сочаць. Колькі нас намаўляла КДБ, каб мы сачылі за Быкавым і за іншымі. Я яму расказаў, а той разрагатаўся, што рэдка бывала. Кажа, не ты першы, не ты апошні», – распавядае Аляксей Міхайлавіч.

Цягнік беларускі пайшоў…

«Ён увогуле лічыў, што ніколі не быў аптымістам, а пра Беларусь гаварыў, што ніякага шанца яна ўжо не мае – позна. Цягнік беларускі пайшоў і на падножку не ўскочылі. І будучыні ў Беларусі няма. Жорстка вельмі мысліў, але гэта яго. Змрочныя, чорныя, страшныя сітуацыі, адпаведныя фарбы, эмоцыі. Ён улазіў у глыбіню чалавечай натуры. У глыбіню зла, стараўся зразумець чалавека. Вайна гэта паказала найлепш. Таму што ў звычайным жыцці чалавек можа хітраваць, выдаваць сябе за другога, а на вайне адразу – сам сабою аказваешся», – кажа прафесар літаратуразнаўства.

Адрасы Быкава ў Горадні

У горадзе над Нёмнам пісьменнік змяніў шмат адрасоў. Адзін з першых – Траецкая 28, дзе яму калісьці кінулі камень у вакно. Потым быў дом для партыйна-савецкай эліты на вуліцы Свярдлова 18. Личыцца, што менавіта каля яго Быкаў пасадзіў дуб, які за гады вырас у вялікае дрэва.

Будынак рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда”, дзе працаваў В. Быкаў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Адзін з адрасоў В. Быкава ў Горадні, дзе ён жыў па вул. Траецкай. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Другі адрас В. Быкава ў Горадні – Свярдлова 18, а таксама дуб, які, згодна з гарадской легендай, пісьменнік садзіў разам з унукам. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Трэці адрас Васіля Быкава на вул. Парыжскай Камуны 9: кватэру ён атрымаў разам з жонкай у 1977-м г., аднак пажыць тут не паспеў, бо на наступны год пераехаў у Менск. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Будынак па вул. Савецкай, дзе месціцца маленькі пакойчык, адведзены пад музей Васіля Быкава. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Апошні адрас, звязаны з Быкавым – вул. Парыжскай Камуны 9. Кватэру разам з жонкай па гэтым адрасе Быкаў атрымаў у 77-м годзе, аднак у гэтым доме амаль не жыў, бо хутка пераехаў у Менск.

«Чаму пераехаў? Адну прычыну я ўжо назваў. Акрамя таго яму, канешне, цеснавата было ў Горадні. Усё ж такі пісьменніцкае жыццё віруе больш у Менску. Любому пісьменніку патрэбна асяроддзе блізкіх людзей, якія цябе разумеюць, каб паспрачацца, каб нешта абмеркаваць, інакш, ён засохне», – тлумачыць спадар Аляксей.

Чаму ў горадзе дагэтуль няма ніводнай шыльды ў гонар пісьменніка і прыстойнага музею?

У горадзе, дзе пісьменнік пражыў 24 гады і дзе напісаў сваю першую кніжку, месца для яго няма. Ягоныя асабістыя рэчы, лісты і рэшта экспазіцыі складуюцца ў невялічкай каморцы, а ў трох адрасах, дзе жыў Быкаў, няма ніводнай згадкі пра пісьменніка.

У музеі В. Быкава ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Афіцыйна ў горадзе, ёсць дзве пляцоўкі, прысвечаныя Васілю Быкаву. Асобная экспазіцыя ў рэдакцыі «Гродзенскай праўды», куды просты чалавек не трапіць. А таксама маленькі пакойчык у будынку на вул. Савецкай, які ўтрымлівае Гарадзенскае грамадскае аб’яднанне ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл. Паглядзець гэты музей таксама складана: даглядчык ужо сталага веку, мае праблемы са здароўем. Як кажа спадар Аляксей, памяшканне болей нагадвае школьны пенал. У ім не магчыма правесці нармальную экскурсію або запрасіць гасцей на літаратурную сустрэчу.

«Тры гады таму мы ад імя Таварыства беларускай мовы дабіліся сустрэчы са старшынём аблвыканкаму Краўцовым. Ён нібыта пагадзіўся знайсці новае памяшканне. Аднак у выніку нам прапанавалі заняць пакой на другім паверсе ў музеі Максіма Багдановіча. Пры тым, што там ужо ёсць экспазіцыя літаратараў Гарадзеншчыны. Пакой вельмі маленькі. Дык што атрымліваецца? Паставіць Быкава, а ўсіх астатніх на сметнік? Гэта проста здзек. Так што чакаем на памяшканне ўжо каторы год. Гэта не толькі таму, што Быкава пастаянна пляжыла савецкая сістэма, якая працягваецца і зараз. А таму што ў канцы жыцця ён стаў займацца палітыкай. Пры чым у сваёй палітычнай пазіцыі ён быў яўным праціўнікам гэтай сістэмы. Ён быў адным з кіраўнікоў БНФ, а гэтага дараваць нельга. Гэта самы вялікі грэх для сённяшняга кіраўніцтва», – тлумачыць Аляксей Міхайлавіч.

Восем гадоў таму на дзень нараджэння пісьменніка гарадзенскі актыў Маладога фронту, спрабаваў «перайменаваць» вуліцу Парыжскай Камуны на вуліцу Васіля Быкава. Актывісты распісалі больш за 10 дамоў, падпісваючы кожны прозвішчам пісьменніка. Сляды замаляваных трафарэтаў відаць на дамах і сёння. Падобную акцыю ўжо пазней праводзілі актывісты «Гавары праўду», усталёўваючы шыльды каля дамоў, дзе жыў пісьменнік. Шмат было сказана і напісана, аднак ні вуліца з іменем пісьменніка, ні памятная шыльда гэтактак і не паўстала.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў