Севярынец: «Бульбаш-хол» гатовы заплаціць за спыненне пратэсту


Удзельнікі акцыі пратэсту каля рэстарацыі «Поедем поедим» побач з урочышчам Курапаты. 9 чэрвеня 2018 года. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Павел Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і адзін з найбольш актыўных абаронцаў Курапатаў, паведаміў, што ўладальнікі забаўляльнага комплексу, які быў вядомы раней пад назвай «Бульбаш-хол», прапануюць абаронцам грошы за спыненне акцыі.

«Праз пасярэдніка выйшлі на сувязь з адным з абаронцаў Курапатаў (мы дамовіліся з гэтым чалавекам, што прозвішча я называць ня буду). Прапанавалі грошы за спыненне пратэстаў. Прапанавалі таемна, праз іншых людзей», – напісаў Севярынец.

У адкрытым звароце да ўладальнікаў рэстарацыі актывіст напісаў, што «не ўсё ў гэтым жыцці прадаецца і купляецца».

«Памяць і годнасць, злачынства і пакаянне не вымяраюцца ў грошах. Тое, што вы нарабілі ў Курапатах, абурыла ўсіх. Хутчэй забірайце свой рэстаранна-забаўляльны комплекс і сыходзьце з нацыянальнага некропалю. Пакуль вы гэтага ня зробіце, пратэсты будуць працягвацца. Кабаку ў Курапатах ня месца», – дадаў Севярынец.

Павел Севярынец з жонкай Вольгай і сынам Францішкам падчас пратэсту каля рэстарацыі «Поедем поедим» 9 чэрвеня 2018 года. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Адзін з тых, да каго звярнуўся Севярынец, бізнесовец Аркадзь Ізраілевіч, адмаўляе сваю прыналежнасць да «Бульбаш-холу».

Паводле прадпрымальніка, канфліктную сітуацыю стварылі чыноўнікі, якія давалі дазвол на будаўніцтва.

Бестэрміновая акцыя пратэсту пад лозунгам «Не кабак, а музей» побач з рэстарацыяй «Поедем поедим» ля ўрочышча Курапаты працягваецца ўжо дзевятнаццаты дзень. Рэстаран адкрылі на пачатку чэрвеня, неўзабаве там збіраюцца адчыніць таксама лазню.

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ДД

Стужка навінаў