Узламаны twitter-акаўнт намесніка старшыні Адміністрацыі прэзідэнта


Ад імя Аляксандра Лукашэнкі прабачэнні на адрас Расеі – за «прынятыя намі захады супраць Расейскай Федэрацыі ў сферы інфармацыйнай бяспекі». Такі допіс з’явіўся ў twitter першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова.

Да допісу далучаны дакумент, падпісаны кіраўніцай установы Наталляй Качанавай, дзе, у прыватнасці, гаворыцца:

«Выказваю глыбокі жаль у звязку з тым, што дзейсныя захады, якія ўжываюцца дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі ў сферы інфармацыйнай бяспекі, успрымаюцца як прыкметы інфармацыйнай вайны супраць Расейскай Федэрацыі. Гарантую, што Вашыя заўвагі будуць улічаныя намі ў далейшай працы».

Крыніца twitter.com

Допіс не належыць аўтарству Максіма Рыжанкова, а дакумент насамрэч не існуе, паведаміў Еўрарадыё пасадовец:

«Усё, што там апублікавана, не адпавядае рэчаіснасці. І каментаваць тут няма чаго, таму што ўзламаная старонка і ўзламаная мая электронная пошта. Усё, што там цяпер распаўсюджваецца – гэта ўсё правакацыя. Тым больш, калі вы паглядзіце, то ўбачыце, што апошнім часам я ў гэтым акаўнце ніякіх дзеянняў не прадпрымаў».

На запыт belsat.eu раней у прэсавай службе Адміністрацыі прэзідэнта каментаваць допіс адмовіліся:

«Я не ўпаўнаважаная даваць каментары. Вы можаце звярнуцца да прэсавага сакратара – адрас электроннай пошты знойдзеце на саце president.gov.by».

Ад лістапада 2016 года апроч згаданага допісу ў акаўнце чыноўніка з’явіўся толькі адзін рэпост. Пасаду першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рыжанкоў заняў у снежні 2016-га.

 

ЛБ, belsat.eu

Стужка навінаў