Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў галадае ў расейскай калоніі ўжо 26 дзён. Ён гатовы да смерці


8 чэрвеня – 26-ы дзень галадоўкі Алега Сянцова (на фота).

Украінскі рэжысёр адбывае пакаранне ў расейскай калоніі – яго прысудзілі да 20 гадоў зняволення за падрыхтоўку тэрарыстычнага акту і падпал дзвярэй офісу партыі «Единая Россия» у Крыме.

14 траўня рэжысёр (не прызнае сваю віну) запатрабаваў адпусціць усіх украінскіх палітвязняў з расейскіх турмаў. Ён заявіў, што будзе адмаўляцца ад прымусовага кармлення і гатовы да смерці.

Два дні таму адвакатка Сянцова Вольга Дінзэ паведаміла, што ейны падабаронны знаходзіцца ў вельмі дрэнням стане.

Алег Сянцоў – украінскі рэжысёр. Ён нарадзіўся ў Сімферопалі ў 1976 годзе. Мае дваіх дзяцей. Аўтар дакументальнай кінастужкі «Гамер». Актывіст «Аўтамайдана».

У 2014 годзе Сянцова арыштавалі працаўнікі ФСБ РФ (Крым ужо быў пад кантролем Расеі). У 2015 годзе за падрыхтоўку тэрарыстычнага акту ўкраінца прысудзілі да 20 гадоў турмы. Сянцоў адбывае пакаранне ў калоніі на Ямале.

Абвінавачанне рэжысёра грунтавалася на паказаннях Аляксея Чырныя і Генадзя Афанасьева. У судзе Афанасьеў адмовіўся ад сваіх паказанняў, заявіўшы, што яго катавалі.

Абмен Сянцова на расейцаў, якія знаходзяцца ва ўкраінскіх турмах немагчымы, бо пасля анексіі Крыму ўкраінскі рэжысёр «аўтаматычна» стаў грамадзянінам Расеі.

Вядомыя заходнія акторы і рэжысёры заступіліся за Сянцова і папрасілі расейскія ўлады вызваліць яго. Сярод іх Анджэй Вайда, Кейт Бланшэт, Джоні Дэп, Акі Каўрысмякі, Вім Вендерс, Джонатан Франзен, а таксама расійскія кінематаграфісты: Аляксандр Сакураў, Андрэй Звягінцаў, Мікіта Міхалкоў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў