Патрэбна 28 чалавек, каб адстаяць Курапаты. Дашкевіч прапанаваў стратэгію «вайны» з «рэстаранам на касцях»




Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч праз свой «Facebook» звярнуўся да жыхароў Менску з прапановаю пазмагацца з «Бульбаш-холам» (цяпер рэстаран «Поедем, поедим») без намётаў. Паводле грамадскага актывіста, гэта нерацыянальна.

«У 2-мільенным горадзе 200 чалавек прыходзіць на дазволеную акцыю [імаверна, што Дашкевіч меў на ўвазе акцыю прымеркаваную да 30-годдзя адкрыцця праўды пра Курапаты. – Belsat.eu]. У 2-мільённым горадзе патрэбна 28 чалавек, каб зладзіць штодзённую варту. Калі ёсць нейкія арганізацыі, то далучайцеся. Будзем распавядаць людзям пра Курапаты. Будзем раздаваць улёткі», – прапануе актывіст.

Таксама Дашкевіч ухваліў ідэю эканамічнага і маральнага ціску на ўладальнікаў рэстарану (байкот іхнага бізнесу) і кліентаў, якія будуць туды прыходзіць.

«Гэта будзе доўгатэрміновае супрацьстаянне», – мяркуе Зміцер Дашкевіч.

Рэстаран «Поедем, поедим» месціцца ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Неўзабаве там збіраюцца адчыніць лазню. Аб’ект належыць кампаніі «Белновотекс груп» (раней належаў «БелРестИнвест»).

У 2012 годзе намеснік генеральнага пракурора Мікалай Кукліс (займаў пасаду ў 2008-2016) прапанаваў колішняму старшыні Менаблвыканкаму Барысу Батуру знос самавольна пабудаванага рэстарана. Губернатар Меншчыны гэтага не зрабіў.

7 чэрвеня па дарозе з Курапатаў затрымалі Паўла Севярынца. На яго склалі адразу 5 пратаколаў.

6 чэрвеня ў Курапатах падчас стрыму затрымалі журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву – яна больш за гадзіну правяла ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі. На Кацярыну быў складзены чарговы пратакол паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў).

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там былі расстраляныя ад 30 да 250 тысяч чалавек.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў