«Я папярэдзіў: нікому не дарую»: Лукашэнка распачаў сезон палявання на карупцыянераў


Падчас працоўнай паездкі ў Гарадзенскую вобласць кіраўнік краіны пракаментаваў затрыманне Сяргея Раўнейкі і анансаваў новыя гучныя карупцыйныя справы.

Са словаў Лукашэнкі, ягоны памочнік трапіў у поле зроку паўтары гады таму. «Спаліўся» на дэкларацыях аб даходах.

«Калі вывучэнне ішло кадравае, я задаў пытанне, адкуль такая раскоша: аўтамабілі да дзясятка, кватэры да дзясятка. Не можа звычайны чыноўнік і яго сям’я так жыць«, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што некаторыя бізнесоўцы супрацоўнічаюць з чыноўнікамі, маўляў, дапамагаюць адзін аднаму.

«А гэты, дапусцім, каб у Гарадзенскай вобласці тытунём гандлявалі, кажа: вы мне плаціце за гэта. Вёў сябе як злачынца, самы сапраўдны бандыт. Гэта мяне здзівіла», – распавёў Лукашэнка.

Аперацыя па затрыманню Раўнейкі была санкцыянаваная Лукашэнкам. Яго затрымалі на атрыманні хабару ў $ 200 тысячаў.

Акрамя акалічнасцяў справы Раўнейкі Лукашэнка паведаміў, што хутка грамадства пачуе пра новыя гучныя карупцыйныя справы. Паводле кіраўніка краіны, некаторыя ўжо затрыманыя і сядзяць у следчым ізалятары.

«Я ж папярэдзіў: глядзіце, нікому не дарую. Асабліва тым, хто носіць цяжкія пагоны. Асабліва той, хто памочнік прэзідэнта. Тыя, хто побач, тыя адкажуць больш, чым хто-небудзь», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў