«Бізнесу тут не будзе, нават калі нас будуць саджаць». У Курапатах адбыўся пратэст супраць адкрыцця рэстарану


1 чэрвеня каля будынку рэстарацыі «Паедзем, паядзім» у Курапатах прайшла акцыя пратэсту і агульная мабілізацыя абаронцаў Курапатаў.

Акцыя скончаная, але актывісты застаюцца на месцы. На браму яны наляпілі лозунг кампаніі «Не кабак, а музей».

«Бізнесу тут не будзе, нават калі нас будуць саджаць за краты», – кажа Павел Севярынец.

Прыкладна праз гадзіну пасля акцыі актывісты не далі праехаць на тэрыторыю рэстарацыі некалькім машынам, што прывезлі харчы. паводле аданго з кіроўцаў, даставу замовілі на 13 гадзінаў. Потым аднак адзін цяжкавік усё ж трапіў на тэрытяорыю забаўляльнага комплексу.

12:10 Актывсты выстраіліся з талеркамі, на якіх намаляваныя мішэні, якія сімвалізуюць масавыя расстрэлы ў Курапатах. Таксама людзі трымаюць у руках лозунг кампаніі «Не кабак, а музей».

Павел Севярынец анансуе на 2 чэрвеня бескаштоўную экскурсію па Курапатах.

Прыкладна а 14:00 маладафронтаўцы плануюць паставіць намёты.

Брама комплексу ў Курапатах

12:00 Комплекс не адкрыўся.

Зміцер Дашкевіч кажа, што не планаваў ставіць намёты.

«Мы сюды прыйшлі з адной мэтай: сказаць не. Няма сэнсу прыйсці і паставіць намёты перад зачыненым будынкам. Калі адчыняць, гэта будзе іншая сітуацыя».

Да брамы пад’ехаў аўтамабіль з Менску, але прысутныя загарадзілі ўезд. Аўта з’ехала. Мужчына ў аўтамабілі сказаў журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай «гуляй адсюль».

11:43 Над актывістамі лятае дрон. Людзі дайшлі да комплексу. На браме вісіць шыльда «зачынена». Актывісты чакаюць 12 гадзіны, каб упэўніцца, што адкрыцця не будзе.

Павел Севярынец збіраецца ладзіць перформанс з пластыкавымі талеркамі, на якіх намаляваныя мішэні. Гэта сімвал кампаніі.

Павел Севярынец

Павел Севярынец, падышоў да праваахоўнікаў і пытае, ці ведаюць яны, што такое Курапаты і ці будзе адкрыццё рэстарану. Адказу не пачуў.

11:15 На акцыю прыйшла актывістка Ніна Багінская. Яна разгарнула бел-чырвона-белы сцяг. Людзі сталі паўколам ля Крыжа Пакутаў, каб памаліцца.

Пасля малітвы людзі рушылі да будынку рэстарану, дзе а 12:00 плануецца яго адкрыццё. Прысутныя прайшлі «дарогу смерці», дзе стаяць мемарыяльныя крыжы, за якімі стаяць міліцыянты ў цывільным і пільнуюць акцыю.

Людзі ідуць да забаўляльнага комплексу ў Курапатах

11:00 Акцыя распачалася. Удзельнік паступова збіраюцца. Міліцыянты таксама прысутнічаюць, яны здымаюць на відэа актывістаў і журналістаў.

«Адстаялі ў у 2017 годзе, адстаім і ў гэтым. Калі будуць нешта тут рабіць, прыйдзе вельмі-вельмі шмат людзей», – кажа актывіст Леанід Кулакоў.

Павел Севярынец кажа, што Курапаты будуць абараняць 24 гадзіны на содні.

«Мы збяромся каля Крыжа Пакутаў, памолімся, пасля ідзем на ўскраек, дзе знаходзіцца рэстаран. У залежнасці ці будзе адкрыццё ці не, мы падыдзем і патлумачым, што гэта за месца. Калі не будзе адкрыцця, мы правядзем папераджальныя акцыі. Гэты комплекс працаваць не будзе. Канчатковы ўладальнік хаваецца. Заўтра маладафронтаўцы ставяць тут намёт або намёты і будзе 24-гадзінная варта. У нядзелю адбудзецца мітынг КХП-БНФ», – кажа Павел Севярынец.

Актывісты дамагаюцца, каб будынак бескаштоўна аддалі пад музей сталінскіх рэпрэсіяў.

***

У чацвер актывісты прыйшлі ў Менаблвыканкам, каб перадаць уладам патрабаванні не дапусціць адкрыццё рэстарацыі каля ўрочышча Курапаты. Чыноўнікі запэўнілі іх, што з верагоднасцю 99% адкрыццё рэстарацыі будзе перанесена на іншы дзень. Аднак абаронцы не сталі адмяняць агульны збор аб 11-й 1 чэрвеня.

Больш за тое, увечары 31 траўня каля так званага комплексу «Бульбаш-холу» ўжо распачаліся пратэсты. Актывістка Вольга Нікалайчык збіралася дзяжурыць у Курапатах да раніцы, але прыкладна праз 2 гадзіны ад пачатку акцыі была затрыманыя міліцыянтамі ў цывільным.

Нагадаем, у панядзелак стала вядома, што ў 50 метрах ад урочышча Курапаты 1 чэрвеня плануюць адчыніць рэстарацыю «Паедзем, паядзім». Яна месціцца ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Належыць забаўляльны аб’ект кампаніі «БелРэстІнвест». Цяпер там усё амаль гатова да імпрэзы. А цягам летам збіраюцца адчыніць яшчэ і лазню.

У лютым 2017 года кампанія «Белрэканструкцыя» пачала будаваць бізнес-цэнтр таксама ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў. Тады група актывістаў зладзіла намётавы лагер, дзе 2 тыдні трымала абарону. У выніку пратэстоўцы перамаглі, будаўніцтва было спыненае.

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 100 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў