Восьмыя суткі ў Віцебску галадае прадпрымальнік. Чыноўнікі не рэагуюць


На трэці дзень Анару Іванову стала кепска, але ён адмовіўся ад шпіталізацыі

У Віцебску восьмыя суткі галадае прадпрымальнік Анар Іваноў. За два тыдні ён пісьмова паведаміў у Віцебскі гарвыканкам, што 19 траўня пачне галадоўку. На ўваходзе ў цырульню «Ирис», што на Маскоўскім праспекце, 66, прымацаваў паведамленне аб галадоўцы і змясціў свае патрабаванні да кіраўніцтва Віцебску: пацвердзіць яго права ўласнасці на памяшканне і ўсталяваць новыя вокны.

Памяшканне, дзе месціцца салон «Ирис», знаходзіцца ўва ўласнасці дзяржавы. У Анара Іванова як у арандатара няма ані правоў, ані сродкаў на капітальны рамонт

«Зімой, калі быў моцны вецер, вялікае шкло вывалілася з рамы і цудам не парэзала аднаго з кліентаў. Я вельмі спалохаўся. Вокны вельмі старыя, ім 44 гады. За гэты час шкло стала крохкім і ў некалькіх месцах патрэскалася. Пасля здарэння я некалькі разоў звяртаўся ў Віцебскі гарвыканкам, каб замянілі небяспечныя вокны. Апошнім разам у красавіку быў калектыўны зварот працаўнікоў цырульні. Адказ быў нязменны: рамантуйце самі», – распавёў Анар Іваноў.

Узімку шкло вывалілася і цудам не пакалечыла наведніка салону

Памяшканне і не перадаюць ва ўласнасць, і рамантаваць адмаўляюцца

Анар Іваноў арандуе памяшканне больш за 20 год. Ягоным уласнікам з’яўляецца Віцебскі гарвыканкам. Па заканадаўстве, капітальны рамонт павінен рабіць уласнік, а касметычны – арэндатар. Анар у памяшканні сам заўсёды робіць рамонт.

«Уласнік адмаўляецца рабіць капітальны рамонт. Я гатовы быў бы яго зрабіць сам, каб я быў уласнікам. Але, па-першае, я арэндатар, у якога няма ніякіх правоў, ды і грошы на замену вакон няма. І, самае галоўнае, няма гарантыі, што ты ўкладзеш свае сілы і сродкі на рамонт, а пасля гэтага цябе не папросяць вызваліць памяшканне ці зноў без усялякіх прычын зробяць непасільную арэндную плату, як ужо было не раз», – кажа прадпрымальнік.

Чыноўнікі абыякава ставяцца да людзей

Прадпрымальнік галадае прама ў арандаваным памяшканні, якое месціцца ў цэнтры Віцебску. За восем сутак чыноўнікі з гарвыканкаму Івановым нават не пацікавіліся.

Вокнам у салоне Анара Іванова ўжо 44 гады

Прадпрымальнік аплочвае арэнду, камунальныя паслугі, капітальны рамонт, сплачвае падаткі, стварае працоўныя месцы іншым людзям, дае ім заробак, а ні ўвагі, ні павагі з боку чыноўнікаў так і не ўбачыў.

«Сваёй галадоўкай я хачу не толькі для сябе палепшыць умовы працы, а і ўздзейнічаць на заканадаўчыя органы, каб былі змененыя шляхі перадачы арэндаваных памяшканняў ва ўласнасць тым, хто шмат год быў арандатарам», – падкрэсліў Анар.

На трэція суткі галадоўніку стала кепска, ён быў вымушаны выклікаць хуткую дапамогу. Дактары зафіксавалі павышаны ціск 160/120, прапанавалі шпіталізацыю, але Анар адмовіўся, прыняў лекі, якія параілі медыкі, і яму стала лягчэй. Зараз адчувае сябе вельмі слабым. Колькі часу яшчэ працягне галадоўку, пакуль не вырашыў.

Крысціна Авакумава

Стужка навінаў