Марадоне ўручылі кашулю берасцейскага «Дынама» з нумарам 10. Гэты нумар ужо заняты


Д’ега Арманда Марадона ўвечары 22 траўня даў у Абу-Дабі прэсавую канферэнцыю, на якой яго прадставілі як новага старшыню праўлення футбольнага клубу «Дынама-Берасце». На сустрэчу прыйшлі пераважна журналісты мясцовых медыяў.

Напрыканцы мерапрыемства легендзе футболу ўручылі кашулю берасцейскай каманды пад нумарам 10. «Прэсбол» піша, што Марадона пацалаваў яе.

Пад 10-м нумарам у «Дынама» гуляе 37-гадовы Раман Васілюк, які звязаны з клубам ужо два дзесяцігоддзі. Калісьці Васілюк меў прапановы ад пецярбургскага «Зеніта» і бялградскага «Партызана», але адмаўляўся.

«Я не люблю вялікія гарады!», – тлумачыў ён свой выбар застацца ў Беларусі.

Пад нумарам 10 у Берасці грае Раман Васілюк. Старонка клубу называе футбаліста брэндам берасцейскага футболу і культавым гульцом

Аб падпісанні трохгадовага кантракта з 57-гадовым Марадонай стала вядома 15 траўня. Чэмпіён свету 1986 года зоймецца стратэгічным развіццём клубу і ўсіх ягоных структурных падраздзяленняў, у тым ліку дзіцячай акадэміі.

Да працы ён прыступіць пасля заканчэння чэмпіянату свету ў Расеі – то бок, амаль праз два месяцы.

19 траўня берасцейскае «Дынама» выйграла ў барысаўскага БАТЭ Кубак Беларусі па футболе. Марадона завочна павіншаваў сваю новую каманду.

Паводле вынікаў выбараў «Футбаліста стагоддзя», зарганізаваных Міжнароднай федэрацыяй футбольнай гісторыі і статыстыкі, Д’ега Марадона заняў 5-е месца сярод найлепшых футбалістаў XX стагоддзя.

ДД

Стужка навінаў