Апошні дом у раёне, дзе здымаўся фільм «Белыя Росы», пайшоў пад знос


Пасля пабудовы чарговага шматпавярховіка ў Горадні ад вёскі з легендарнага фільму застанецца толькі ўспамін і назва вуліцы.

– Я з Белых Росаў.

– Што, не знеслі яшчэ?

– Збіраюцца, кажуць, у гэтым месяцы. Хутка гарадскі буду. З балкона людзям на макушкі паплёўваць.

Пасля амаль 35 гадоў гэтая вядомая цытата з фільму «Белыя Росы» Ігара Дабралюбава неўзабаве стане праўдзівай. Яшчэ ў 2017 годзе каля калодзежа, дзе Фёдар Філімонавіч з дапамогай сякеры вучыў Мішку Кісяля, як трэба жыць, гарадскія ўлады ўсталявалі невялікую памятную шыльду.

«Натурай для «экранных» Белых Росаў стала рэальная вёска Дзевятоўка. Сёння гэта назва гарадскога мікрараёну. На месцы вясковых дамоў на вуліцы Курчатава цяпер пабудавалі шматпавярховыя дамы», – паведамляе памятная шыльда.

Аднак апошні вясковы дом, які стаяў за калодзежам, пачалі зносіць нядаўна. Саму пляцоўку расчысцяць пад будаўніцтва жылога комплексу, які паводле пашпарту будаўніцтва мае паўстаць ў 2019 годзе.

«Белыя росы» (1983) – мастацкі фільм кінарэжысёра Ігара Дабралюбава. Вытворчасць, зняты на «Беларусьфільме» Лірычная камедыя пра жыццё, радасці і праблемы савецкіх грамадзянаў першай паловы 80-х гадоў. Фільм здымалі ў цэнтры Горадні, а таксама ў мікраёнах Пярэселка і Дзевятоўка.

Гэтая страта, вядома, не гістарычная, а настальгічная. Асабліва для тых, хто ў свой час глядзеў фільм і перажываў за яго герояў: за карову, якую трэба было прадаць ці здаць на бойню, за дзеда Фёдара, які не мог да канца прыняць, што застанецца без свайго лапіка зямлі, ды іншых. Хоць здымаўся фільм даўно, сутыкненне гарадской інфраструктуры з вёскай, якая не мае чым змагацца з бетоннымі веліканамі, кранае і сёння.

І шыльда не там, і хата не тая?

Гарадзенскі мастак Алесь Сураў знесенага дому не шкадуе зусім, бо лічыць, што сам фільм здымаўся ў цалкам іншым месцы, а шыльду ўлады паставілі толькі дзеля таго, каб неяк адзначыцца.

«Дамы, дзе здымаўся фільм, стаялі крыху далей за вуліцай Курчатава. На момант здымак сама вёска была ўжо выселеная. Кінастудыя яе арандавала і проста дадала дэкарацыяў. І гэтыя дамы ўжо даўно былі знесеныя. А тое, што шыльду паставілі, – гэта імітацыя і бутафорыя нашых гарадскіх уладаў, бо не ў тым месцы і не вядома навошта. Гэта проста высмактаная з пальца легенда», – кажа Алесь Сураў.

Тым не менш, адзначаны калодзеж вельмі падобны да таго, што засвяціўся фільме. Каля яго нават пакінулі калоду, на якой Фядос сякерай пагражаў Кісялю. Гарадскія ўлады сцвярджаюць, што пасля будаўніцтва шматпавярхоўкі месца з калодзежам пакінуць як своеасаблівы «турыстычны аб’ект».

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў