Філіповіч распавёў у сваім блогу пра падзеж скаціны. Яго вырашылі судзіць за супрацу з «Белсатам»


Яго будуць судзіць за незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі (арт. 22.9 КоАП РБ).

7 траўня на youtube-канале «Гарантий НЕТ» гомельскі блогер Максім Філіповіч апублікаваў сюжэт «Беларуская идеология во всей красе» пра падзеж скаціны ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці. Відэа сабрала 64 000 праглядаў.

У той жа дзень здымачная група «Белсату» таксама наведала сельгаспрадпрыемства, дзе ад голаду дохнуць цяляты.

Паводле гомельскіх праваахоўнікаў, наш тэлеканал «узяў» відэа Максіма Філіповіча. На падставе гэтага міліцыя зрабіла выснову, што блогер «супрацоўнічае» з «Белсатам».

12 траўня Максім Філіповіч апублікаваў відэа, у якім называе працаўнікоў міліцыі непрафесіяналамі, якія «нават сваю працу не могуць нармальна зрабіць».

У позве, якую атрымаў блогер, участковы не пазначыў артыкул па якім распачатая адміністратыўная справа. Больш таго, міліцыянты паленаваліся параўнаць відэазапісы на канале Філіповіча і youtube-канале «Белсату».

Нагадаем, што ў гэтым годзе журналістаў «Белсату» аштрафавалі на больш чым Br 30 000.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў