У Берасці блогераў аштрафавалі за збор подпісаў супраць мясцовых чыноўнікаў


Суд Ленінскага раёну Берасця 11 траўня аштрафаваў Дзмітрыя Андрасюка, Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна за тое, што яны збіралі подпісы за адстаўку кіраўнікоў гораду, раёну і вобласці, якія далі дазвол на будаўніцтва акумулятарнага заводу «АйПаўэр».

6 траўня супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі Андрасюка, Кабанава і Пятрухіна. Іх звінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). У дачыненні актывіста Дзмітрыя Андрасюка быў складзены пратакол па частцы 1-й артыкула, а ў дачыненні блогераў Кабанава і Пятрухіна па частцы 3-й. На наступны дзень іх адпусцілі.

Сёння, 11 траўня, суд вынес пастанову аб пакаранні Дзмітрыя Андрасюка штрафам у памеры 20 базавых велічыняў (490 рублёў), а Пятрухіна і Кабанава – ў памеры 50 базавых велічыняў (1225 рублёў) кожнаму.

Нагадаем, змаганне берасцейцаў супраць акумулятарнага заводу цягнецца ўжо не першы месяц, а Кабанаў і Пятрухін з’яўляюцца аднымі з найбольш актыўных удзельнікаў гэтага руху. 29 красавіка ў Берасці каля дзвюх тысяч чалавек прынялі ўдзел у дазволеным уладамі мітынгу супраць будаўніцтва «АйПаўэр».

ІІ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў